На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэспубліканская акцыя “Адновім лясы разам” пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі.
Чарговае яе мерапрыемства прайшло на базе дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава. Выхаванцы ўстановы – удзельнікі дашкольнага лясніцтва “Баравічок” на чале з выхавальніцай Аленай Капковіч, разам з кіраўніцтвам і работнікамі Дзятлаўскага лясгаса да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заклалі алею Памяці.
Старэйшыя калегі прывезлі ў падарунак маленькім лесаводам і навучальнай установе два дзясяткі маладых туй, якія былі з любоўю ўзрошчаны на Дзятлаўшчыне, у гадавальніках лясгаса. Дрэўцы занялі сваё дастойнае месца як напамін аб старонках нашай гераічнай гісторыі і сімвал стваральнага жыцця пад мірным небам Беларусі.
За пасадку разам з дашкольнікамі ўзяліся дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко, галоўны ляснічы Канстанцін Дзісько, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета адзела адукацыі райвыканкама Кацярына Гайдук і загадчыца дзіцячага сада № 2 Святлана Ус. Высаджванне туй вялося згодна з тэхналогіяй, за гэтым сачылі спецыялісты лясгаса, а вось за добры настрой адказвалі самі дашкольнікі.
– Маленькія грамадзяне нашай краіны – Рэспублікі Беларусь, сёння вы разам са старэйшымі зробіце вялікую справу – падорыце дзіцячаму саду, гораду Дзятлаву цудоўныя зялёныя расліны. Дзякуючы вашым старанням, працавітасці і адказнасці наш родны край будзе квітнець, – дала наказ Кацярына Гайдук.
Удзельнікі дашкольнага лясніцтва падзяліліся сваімі ведамі аб прыродзе, расказалі пра добрыя справы, якія паспелі зрабіць на карысць малой радзімы. У сваю чаргу дарослыя павіншавалі садкоўцаў з выдатнай падзеяй у іх жыцці і пажадалі надалей клапаціцца аб навакольным асяроддзі.
Сяргей Дурко адзначыў пастаяннае плённае супрацоўніцтва з дашкольным лясніцтвам “Баравічок”, якое, на яго думку, можа стаць упэўненай прыступкай да выбару будучай прафесіі.
– Вельмі радуе той факт, што мы прадаўжаем лепшыя традыцыі пераемнасці пакаленняў і працуем над экалагічным выхаваннем з дзяцінства. Дзейнасць дашкольнага лясніцтва – сур’ёзная мэтанакіраваная работа, напоўненая даследаваннямі прыроды і добрымі справамі дзеля яе. Падтрымліваем нашых маленькіх лесаводаў, прывіваем любоў да лесу. Верым, што пачынаючы з дзіцячага сада падрастае добрая змена для Дзятлаўскага лясгаса.
Акрамя дрэваў і садовага інвентару, у падарунак ад старэйшых таварышаў юныя аматары прыроды атрымалі яркую шпакоўню, якая зойме сваё месца ў двары дзіцячага сада. З найлепшымі пажаданнямі яе ўручыў дзецям Канстанцін Дзісько.
Ужо восенню многія з удзельнікаў лясніцтва “Баравічок” стануць школьнікамі, таму яны перадалі сімвалічны грыб баравік і экалагічную эстафету малодшым сябрам, якія паабяцалі добра клапаціцца аб іх саджанцах.
– Цяпер у любімым дзіцячым садзе растуць нашы дрэўцы, абавязкова будзем вяртацца сюды наведваць іх, – запэўнілі самі юныя лесаводы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ