38 гадоў мінула з тае пары, як здарылася адна з самых страшных тэхнагенных катастроф новага часу – аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
Пад знакам радыяцыі вырасла і стала дарослым цэлае пакаленне людзей, а наша маладая дзяржава навучылася трымаць удар, спраўляцца з медыцынскімі, экалагічнымі, эканамічнымі наступствамі аварыі, якія дагэтуль рэхам адгукаюцца ў жыцці сучаснікаў.
Часу непадуладны ўспаміны аб тым, што ў Беларусі называюць чорным болем. Мы помнім, смуткуем аб загінулых у барацьбе з нябачным ворагам. На Дзятлаўшчыне жывуць людзі, якія прайшлі праз Чарнобыль і вярнуліся. Сёння ім ёсць што расказаць нашчадкам.
Выдатна помніць свой 1986-ы жыхар пасёлка Казлоўшчына, былы супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Міхаіл Шундрык. Пра камандзіроўку ў Брагінскі раён малады міліцыянер-вадзіцель даведаўся 1 мая.
– Начальства выклікала і паведаміла, што мы з калегам паедзем у жніўні разам з трэцяй партыяй служыць у зону адсялення. Ненадоўга, па першым часе больш чым на месяц не адпраўлялі, – расказвае Міхаіл Пятровіч. – З кожнага раёна па два чалавекі, са мной паехаў калега Анатоль Юшкевіч.
Пунктам прызначэння стаў Камарын Брагінскага раёна – гарадскі пасёлак на Дняпры.
– Там было нармальна, – узгадвае мужчына. – У пасёлку знаходзіліся як мясцовыя жыхары, так і прыезджыя супрацоўнікі, з невялікімі абмежаваннямі, але ўсе звычайна жылі і працавалі.
Камандзіровачных размясцілі ў школе, харчаваліся яны ў мясцовай сталовай. Абавязковым складнікам у дзённым рацыёне кожнага былі таблеткі ад радыяцыі.
Міхаіл Шундрык працаваў па сумежнай спецыяльнасці – вадзіцелем аўтобуса: кожны дзень дастаўляў на пасты ў пустуючыя вёскі дзяжурных для аховы грамадскага парадку. Тое, што ўбачыў там, відаць, не забудзе ніколі.
– Ва ўсіх гэтых вёсках хаты нас сустрэлі цішынёй, – расказвае Міхаіл Пятровіч. – Вельмі страшна бачыць месцы, вымушана пакінутыя людзьмі, з бадзяжнымі хатнімі жывёламі, няхітрымі пажыткамі, што не забралі з сабой у час хуткага перасялення, з бур’яном, які за пару летніх месяцаў паспеў завалодаць некалі дагледжанымі падворкамі. Паўсюль – жудасны спакой.
Выканаўшы заданне Айчыны, міліцыянер прадоўжыў службу на Дзятлаўшчыне, у сярэдзіне 90-х выйшаў на заслужаны адпачынак, цалкам прысвяціўшы сябе клопатам у доме і на прысядзібным участку. На здароўе ніколі не скардзіўся.
– Запрашаюць кожны год правяраць шчытападобную залозу, але навошта, калі я нармальна сябе пачуваю? – разважае ён.
Аб чарнобыльскай трагедыі стараецца не ўспамінаць, толькі ў час раённых мерапрыемстваў або сустрэч у працоўным калектыве. Чарнобыльцаў-землякоў, жывых і памерлых ад радыяцыі, ведае па імёнах.
– Ці давяраеце сучаснай атамнай энергетыцы? – пытаюся на развітанне ў суразмоўцы.
– Уважліва сачыў разам з усімі беларусамі за падрыхтоўкай і пускам Астравецкай АЭС. Упэўнены, у нас усё грунтоўна і надзейна. Памылкі мінулага ўлічаны і не будуць паўтарацца, за атамнай энергіяй сучаснасць і будучыня, – кажа ён.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga