За ўзаемадзеянне і цеснае супрацоўніцтва

Важнае Падзеі Улада

У Дзятлаўскім райвыканкаме з удзелам старшыні рэспубліканскай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргея Патапенкі і старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Садоўскага адбылася сустрэча актыву раённай галіновай прафсаюзнай арганізацыі.

– За гэты год наш галіновы прафсаюз павялічыўся і за кошт пярвічных арганізацый, і за кошт новых членаў, цяпер ён складае больш за 190 тысяч чалавек, – адзначыў Сяргей Патапенка. – Мы ўступілі ў перыяд справаздачна-выбарчай кампаніі, калі будуць абраны старшыні пярвічных, раённых, абласных арганізацый, і завершыцца яна ў 2025 годзе справаздачна-выбарчым з’ездам, дзе вызначаць старшыню галіновага прафсаюза.

Па-ранейшаму мы прадаўжаем цеснае супрацоўніцтва з органамі ўлады і нашымі сацыяльнымі партнёрамі. Сярод важных напрамкаў дзейнасці – падрыхтоўка да 120-годдзя прафсаюзнага руху і 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у якіх прымем самы актыўны ўдзел.

Прафсаюз заўсёды стаяў і будзе стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў сваіх членаў. З кожным годам зваротаў да нас па юрыдычную дапамогу ў сувязі з парушэннямі працоўнага заканадаўства становіцца ўсё менш. Калі ў 2022 годзе мы ў судах абаранялі інтарэсы 10 членаў прафсаюза, то летась 14 такіх сітуацый вырашыліся ў дасудовым парадку.

Мы ажыццяўляем значную работу па падтрымцы членаў прафсаюза: хворых работнікаў, тых, хто мае патрэбу ў фінансавай дапамозе, выконваем праграмы па аздараўленні, па экскурсійнай дзейнасці. За мінулы год усе паказчыкі былі выкананы на 100 %. Безумоўна, гэта адбылося дзякуючы радавым членам арганізацыі, прафсаюзнаму актыву, узаемаразуменню і цеснаму супрацоўніцтву з нашымі сацыяльнымі партнёрамі.

За плённае партнёрства з галіновым прафсаюзам, разуменне і падтрымку Сяргей Уладзіміравіч падзякаваў кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму, словы падзякі адрасаваў і ўсім членам за тое, што былі разам з прафсаюзам.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне заслужаных ўзнагародаў. Граматамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за плённую добрасумленную працу і актыўную дзейнасць па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза, а таксама сярэбранымі значкамі прафсаюза адзначаны Аляксандр Андруцэвіч і Аляксандр Маркушэўскі. Падзяка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі аб’яўлена Ганне Яцко. Граматай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўзнагароджана Тамара Шавель.

У сваю чаргу Андрэй Садоўскі і старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Святлана Залучан падзякавалі Сяргею Патапенку за шчодрыя ўзнагароды і ўзаемадзеянне. На памяць аб сустрэчы рэспубліканскаму прафсаюзнаму лідару яны падарылі пано з лёну – работу мясцовых майстрыхаў з сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

– Гэта сімвалічны падарунак, бо Беларусь славіцца лёнам, які так і называюць “беларускім шоўкам”, а адно з перапрацоўчых прадпрыемстваў – ААТ “Дзятлаўскі льнозавод” – знаходзіцца менавіта ў нашым раёне, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Няхай гэта прыгажосць нагадвае вам аб наведванні Дзятлаўшчыны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga