З заслужанымі ўзнагародамі і асабістым юбілеем

Важнае Улада

Такія віншаванні, а таксама пажаданні здароўя, сямейнага шчасця, дабрабыту, добрых людзей на жыццёвым шляху, плённай паспяховай працы на карысць Дзятлаўшчыны прымала начальнік раённага сектара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыя Жыдко.

Яны прагучалі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, намеснікаў старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі і Дзмітрыя Баравіка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольгі Рагачовай, галоўнага спецыяліста аддзела Марыны Абрамчык.

За шматгадовую бездакорную службу, асабісты ўклад у рэалізацыю асноўных напрамкаў і прыярытэтаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў Дзятлаўскім раёне ў свой юбілейны дзень нараджэння Марыя Жыдко адзначана Ганаровымі граматамі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Не абышлося без кветак і цёплых слоў.

Цікава было даведацца ў імянінніцы, якім быў шлях яе прафесійнага станаўлення.

– Родам я з Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, – расказала Марыя Вікенцьеўна. – У 1985 годзе скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут Цэнтрасаюза па спецыяльнасці “эканоміка гандлю”. Працаваць прыехала на Дзятлаўшчыну ў Новаяльнянскую міжраённую гандлёвую базу. Пазней была абрана вызваленым сакратаром камітэта камсамола Дзятлаўскага райспажыўсаюза, а калі ў 1991 годзе ў райвыканкаме быў створаны аддзел па працы, працавала там. У 2003 годзе ў Беларусі адбылася рэарганізацыя такіх аддзелаў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тады я стала намеснікам начальніка ўпраўлення. А ўжо больш за 10 гадоў, з 2012 года і да гэтага часу, узначальваю раённы аддзел, цяпер ужо сектар Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Сваю службу Марыя Жыдко любіць і лічыць карыснай для людзей.

– Адно слова “сацыяльная абарона” гаворыць пра многае, – упэўнена яна. – Можна сказаць, што наш фонд “курыруе” чалавека ад моманту яго нараджэння да смерці. Усе выплаты ажыццяўляюцца з ФСЗН: гэта дапамогі па цяжарнасці і родах, у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў, усе дапамогі па часовай непрацаздольнасці, пенсія, дапамога на пахаванне. Безумоўна, прызначае іх упраўленне па працы і сацыяльнай абароне, аднак фонд акумулюе ўсе грашовыя сродкі ад арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, каб затым яны дайшлі да адрасатаў.

За 12 гадоў, якія Марыя Жыдко з’яўляецца кіраўніком службы ФСЗН Дзятлаўскага раёна, тут адбыліся пэўныя змяненні. У сёлетнім студзені аддзел быў рэарганізаваны ў сектар, дзе цяпер працуюць два спецыялісты: сама Марыя Вікенцьеўна, якая яго ўзначальвае, і яе калега, старшы інспектар Вольга Кардаш. Па-ранейшаму сектар прадаўжае цеснае і плённае супрацоўніцтва з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Адметна, што на дапамогу службе прыходзяць новыя тэхналогіі, якімі Марыя Вікенцьеўна раіць карыстацца ўсім жыхарам раёна, асабліва моладзі. Гэта мабільны дадатак “ФСЗН”, які дапамагае індывідуальна адсачыць страхавы стаж, пачынаючы з 1 студзеня 2003 года, і назапашванне сродкаў на асабістым страхавым рахунку. Гэта важна, бо гэта будучыня кожнага чалавека.

За амаль чатыры дзесяцігоддзі Дзятлаўшчына стала для Марыі Жыдко другой радзімай, бо тут яна стварыла сям’ю, выгадавала дачку, займела шмат сяброў.

На пытанне, што неабходна чалавеку, каб у яго склалася паспяховая прафесійная кар’ера, Марыя Вікенцьеўна з пазіцыі ўласнага вопыту раіць:

– Трэба мэтанакіравана і прафесійна працаваць, пастаянна павышаць свой узровень праз навучанне, бо заканадаўства мяняецца вельмі хутка, ад гэтых змяненняў нельга адставаць. Не менш важным будзе цярпенне, без якога цяжка ладзіць стасункі і дасягаць паразумення з рознымі катэгорыямі людзей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: