Працоўным кодэксам жанчынам прадастаўлены рад ільготаў і гарантый для аховы іх здароўя і мацярынства.
Перавод на больш лёгкую работу
Для цяжарных жанчын, згодна з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі зніжаюцца нормы выпрацоўкі, абслугоўвання або такіх жанчын з захаваннем заробку па ранейшай рабоце пераводзяць на іншую, больш лёгкую, якая выключае ўздзеянне шкодных, небяспечных вытворчых фактараў.
Вызваленне ад работы
Да вырашэння пытання аб прадастаўленні цяжарнай жанчыне, згодна з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай ці медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, іншай работы яна належыць вызваленню ад працы з захаваннем сярэдняга заробку за кошт наймальніка за ўсе прапушчаныя ў выніку гэтага працоўныя дні.
Перавод на іншую работу
Жанчыны, якія гадуюць дзяцей ва ўзросце да паўтара года, у выпадку немагчымасці выканання ранейшай работы пераводзяцца на іншую з захаваннем сярэдняга заробку па ранейшай рабоце да дасягнення дзіцем узросту паўтара года.
Перапынкі для кармлення дзіцяці
Жанчынам, якія гадуюць дзяцей ва ўзросце да паўтара года, акрамя агульнага перапынку для адпачынку і харчавання, прадастаўляюцца дадатковыя – для кармлення дзіцяці.
Заключэнне працоўнага дагавора
Забараняецца адмаўляць жанчынам у заключэнні працоўнага дагавора і зніжаць ім заработную плату па матывах, звязаных з цяжарнасцю або наяўнасцю дзяцей да 3-х гадоў, а таксама гэта тычыцца адзінокіх бацькоў з дзецьмі, якія не дасягнулі ўзросту 14 гадоў або дзецьмі-інвалідамі да 18 гадоў.
Работа ў начны час, выхадныя, святочныя дні, службовыя камандзіроўкі
Забараняецца прыцягненне цяжарных жанчын да звышурочнай работы, работы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, начны час, выхадныя, а таксама накіраванне іх у службовую камандзіроўку. Жанчыны, якія гадуюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў (дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў), могуць прыцягвацца да звышурочнай работы, работы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, начны час, выхадныя, накіроўвацца ў службовую камандзіроўку толькі з іх пісьмовай згоды.
Скасаванне працоўнага дагавора
З ініцыятывы наймальніка не дапускаецца скасавання працоўнага дагавора:
– з цяжарнай жанчынай, жанчынай, якая гадуе дзіця ва ўзросце да 3-х гадоў, адзінокімі бацькамі з дзецьмі да 3-х гадоў у сувязі са скарачэннем колькасці ці штату работнікаў, у выпадках неадпаведнасці такога работніка займаемай пасадзе служачага (прафесіі рабочага) ці выконваемай рабоце з-за стану здароўя, надастатковай кваліфікацыі, якія перашкаджаюць прадаўжэнню такой работы, а таксама яго няяўкі на работу на працягу больш чым 4-х месяцаў запар з-за часовай непрацаздольнасці;
– з адзінокімі бацькамі, якія гадуюць дзіця ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, у сувязі са скарачэннем колькасці ці штату работнікаў і ў выпадках іх няяўкі на работу на працягу больш чым 4-х месяцаў запар з-за часовай непрацаздольнасці.
Няпоўны рабочы час
Наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны рабочы дзень ці няпоўны рабочы тыдзень па просьбе цяжарнай жанчыны, жанчыны, якая мае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў.
Забарона на выкананне цяжкіх работ
Забараняецца прыцягваць жанчын да выканання цяжкіх работ і работ са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы, а таксама падземных работ (акрамя некаторых).
Устаноўлена забарона на прыцягненне жанчын да выканання работ, звязаных з пад’ёмам і перамяшчэннем уручную цяжараў, якія перавышаюць вызначаныя для іх гранічныя нормы.
Дадатковы свабодны ад работы дзень
Маці ці бацьку (апекуну), які гадуе дзіця-інваліда да 18 гадоў або траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, па яго пісьмовай заяве прадастаўляецца адзін дадатковы свабодны ад работы дзень на тыдні з аплатай у памеры сярэдняга заробку або па ўзгадненні з наймальнікам, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі, вызначаная працягласць работы скарачаецца на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.
Маці ці бацьку (апекуну), які гадуе дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16-і гадоў, па іх заяве штомесяц прадастаўляецца адзін дадатковы свабодны ад работы дзень. У калектыўным дагаворы, іншым лакальным прававым акце можа прадугледжвацца аплата пры прадастаўленні такога дня.
Таццяна ДОРДА,
намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga