Для сям’і бацькоў-выхавальнікаў Русаўскіх з горада Дзятлава такі выдатны падарунак прыпаднёс праект “Мой мірны дом”.
Больш падрабязна аб ім расказала намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вольга Жэлезоўская:
– Гэта пілотны праект Беларускага фонду міру і Беларускай натарыяльнай палаты, які стартаваў год таму ў сакавіку. Ён прадугледжвае аказанне розных відаў дапамогі дамам сямейнага тыпу і прыёмным сем’ям. У рамках праекта ўжо была праведзена акцыя “Прыгожы двор” па добраўпарадкаванні падворкаў такіх сем’яў.
На гэты раз замяшчальных бацькоў і іх дзяцей чакае новы сюрпрыз: у рамках акцыі “Беларусь – мой мірны дом” 29 сакавіка для іх запланавана наведванне прадстаўлення Беларускага дзяржаўнага цырка.
Усяго з Гродзенскай вобласці ў мерапрыемстве прымуць удзел 205 бацькоў-выхавальнікаў, прыёмных бацькоў, апекуноў і дзяцей, якія ў іх гадуюцца, у тым ліку 11чалавек – з Дзятлаўскага раёна.
Гэта будуць бацька-выхавальнік Аляксандр Русаўскі, двое яго кроўных і 8 прыёмных дзяцей з дзіцячага дома сямейнага тыпу.
Усе расходы на аплату білетаў у Белдзяржцырк, харчаванне, медыцынскае суправаджэнне – за кошт Беларускага фонду міру і Беларускай натарыяльнай палаты. Аб транспарце для дастаўкі сям’і ў сталіцу паклапоціцца Дзятлаўскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых установаў.
Спадзяюся, што наведванне цыркавой праграмы стане яркай падзеяй у жыцці дзіцячага дома сямейнага тыпу Аляксандра і Марыны Русаўскіх.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga