Ведаць і рэалізаваць свае працоўныя правы

Важнае Грамадства

28 сакавіка на базе цэнтра банкаўскіх паслугаў № 422 у горадзе Дзятлаве ААТ “Белаграпрамбанк” прайшлі прававая асвета і прафсаюзны прававы прыём грамадзян.

Іх правялі пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Ларыса Жук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.

На пачатку размовы Віталій Юрго расказаў прысутным аб расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе. Ён нагадаў аб трагедыі дзятлаўскіх вёсак у раёне Ліпічанскай пушчы, якая іх спасцігла ў час карнай аперацыі “Гамбург”, арганізаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў снежні 1942 года па знішчэнні партызан і насельніцтва, якое аказвала ім дапамогу. Следчай групай раёна дапрошана больш за 130 сведкаў і іх родных, праведзена больш за 150 аглядаў месцаў спаленых вёсак, прымусовага ўтрымання і расстрэлаў мірнага насельніцтва. Пошукавая работа будзе прадоўжана, сёлета мяркуецца правесці раскопкі ў гарпасёлку Казлоўшчына. Расследаванне гэтай крымінальнай справы скіравана на ўстанаўленне фактаў генацыду, захаванне і ўвекавечанне гістарычнай памяці.

У рамках прававой асветы банкаўскім работнікам патлумачылі нормы заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў. Закранулі пытанні прадастаўлення аплачваемых дзён для дыспансерызацыі работнікаў з перыядычнасцю ў залежнасці ад іх узросту; па ўзгадненні з наймальнікам прадастаўлення аднаго выхаднога дня ці скарачэння рабочага часу на гадзіну для шматдзетных бацькоў, якія гадуюць траіх і больш дзяцей да 16 гадоў; прапарцыянальнага скарачэння перадсвяточных рабочых дзён для работнікаў з няпоўнай нормай рабочага часу, іншыя.

Не абышлі ўвагай і актуальную ў наш час тэму – дзейнасці інтэрнэт-махляроў, якія падманваюць уладальнікаў банкаўскіх картак. Было адзначана, што ў гэтым кірунку вядзецца шырокая прафілактычная работа не толькі праваахоўнікамі, але і банкаўскімі работнікамі, якія папярэджваюць сваіх кліентаў, што не звязваюцца ў месанджарах і не запытваюць рэквізіты і асабістыя даныя, тлумачаць і магчымасць добраахвотнага страхавання банкаўскіх картак, а, здараецца, самі спыняюць падманутых махлярамі пры спробе аформіць крэдыт у банку.

У час прафсаюзнага прававога прыёму грамадзян ад жыхароў Дзятлаўшчыны паступілі і былі адразу ім патлумачаны пытанні, якія тычыліся забеспячэння спецвопраткай, а таксама добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: