Сямейны архіў. Шчаслівага жыцця пад мірным небам!

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Адметную дату – 80 гадоў вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – сёлета святкуе наша Беларусь.

У розных куточках краіны, у тым ліку на Дзятлаўшчыне, жыве нямала людзей, якія ў гэтым годзе таксама адзначаюць свой 80-ы дзень нараджэння. Менавіта яны сталі ўдзельнікамі юбілейнай акцыі “Равеснікі вызвалення”, якую ў нашым раёне рэалізуюць артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

У аграгарадок Хвінявічы да чарговага “равесніка вызвалення” Лявона Жукеля з музычнай паштоўкай сонечным вясновым днём накіраваліся Ірына Бакшук, Святлана Венская, Іван Кашко.

Для Лявона Бернатавіча творчы калектыў сектара падрыхтаваў яркую музычную паштоўку з песнямі мінулых гадоў, а таксама цёплыя словы віншаванняў. Юбіляру жадалі доўгіх гадоў жыцця, атуленых клопатам і любоўю блізкіх людзей, бадзёрасці духу, шчасця і дабрабыту пад мірным небам роднай Беларусі.

Лявону Жукелю пашчасціла нарадзіцца напрыканцы Вялікай Айчыннай вайны і ўжо не застаць яе жахаў. Безумоўна, дзяцінства было няпростым, бо рос хлопчык у звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Засецце. Жыццё на вызваленых тэрыторыях адраджалася, у праз цяжкую руплівую паўсядзённую працу беларусаў дзень за днём аднаўлялася народная гаспадарка, каб потым стаць надзейным падмуркам для эканомікі і жыцця новых пакаленняў.

Не адставаць ад дарослых у працы стараліся і сялянскія дзеці, Лявон таксама з маладых гадоў сталярнічаў. Прырода надзяліла хлопца не толькі ўмелымі рукамі, але і прыгожым голасам, таму ён актыўна займаўся мастацкай самадзейнасцю, спяваў у вакальным калектыве засецкага клуба. Мясцовыя артысты часта з канцэртамі наведвалі іншыя населеныя пункты нашага раёна. Адна з такіх творчых паездак для Лявона Бернатавіча стала лёсавызначальнай.

У той дзень засецкі калектыў выступаў у вёсцы Хвінявічы. Сярод гледачоў малады хлопец запрыкмеціў прыгожую дзяўчыну Валянціну. Каб пазнаёміцца з ёю, Лявон пасля канцэрта застаўся яшчэ і на танцы.

Сціпламу і спакойнаму хлопцу прыйшлася даспадобы актыўная, жыццярадасная Валянціна, якая ўжо тады “ліхачыла” на матацыкле і была брыгадзірам на мясцовай пілараме.

Вось так мірны лёс звёў сэрцы двух маладых людзей, якія ўжо 58 гадоў ідуць па жыцці поплеч. У Лявона Бернатавіча і Валянціны Іванаўны і сёння самыя цёплыя ўзаемаадносіны. Здаецца, сямейная пара без слоў адчувае настрой адзін аднаго. Жукелі выгадавалі дваіх дзяцей, цяпер іх радуюць чацвёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Сям’я вельмі дружная, а таму ўсе значныя святы родныя людзі стараюцца сустракаць разам у аграгарадку Хвінявічы.

З пазіцыі жыццёвага вопыту “равеснік вызвалення” пажадаў сучаснай моладзі цаніць і берагчы самы дарагі набытак – мір на роднай зямлі, стваральнай руплівай працай памнажаць дасягненні старэйшых пакаленняў, быць актыўнымі, творчымі, рэалізоўваць свае таленты, бо для гэтага ў нашай Беларусі створаны ўсе магчымасці.

У сваю чаргу артысты пажадалі шаноўнай сямейнай пары яшчэ доўгіх шчаслівых гадоў сумеснага жыцця на радасць блізкім.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: