Практычныя навучальныя заняткі для педагогаў-псіхолагаў Дзятлаўшчыны правялі спецыялісты Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Для паглыблення ведаў была выбрана актуальная тэма: “Аказанне псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім. Методыка правядзення карэкцыйных заняткаў”.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч адзначыла, што ў рабоце з непаўналетнімі педагагічныя работнікі сутыкаюцца з праблемамі, складанасць і глыбіня якіх выходзяць далёка за рамкі традыцыйных псіхолага-педагагічных задач. Аказанне псіхалагічнай дапамогі дзіцяці, якое перажывае крызісную сітуацыю, – задача актуальная для нашага раёна, бо пачасціліся падлеткавыя і юнацкія дэпрэсіі, парасуіцыды. Рэчаіснасць абавязвае псіхолага быць гатовым не толькі аказаць якасную псіхалагічную дапамогу непаўналетняму ў пражыванні розных крызісаў, але і аказаць яе экстранна – падтрымаць навучэнца, як толькі прагучаў запыт.
У рамках заняткаў намеснік дырэктара абласнога СПЦ Алена Бачко і яе калега, педагог-псіхолаг Зоя Кучэйка, правялі практыкум, скіраваны на рэалізацыю карэкцыйна-развіваючых праграм для дзяцей і падлеткаў. Акцэнты зрабілі на выяўленні індывідуальных асаблівасцяў дзіцяці, у адпаведнасці з якімі арганізуецца яго далейшае суправаджэнне. Падкрэслілі, што ў залежнасці ад таго, наколькі якасна педагогам-псіхолагам будзе арганізавана ўзаемадзеянне з класным кіраўніком, сацыяльным педагогам, праведзена карэкцыйная работа, залежыць працэс далейшай сацыялізацыі дзіцяці ў грамадстве.
Кацярына ЛЯЎКЕВІЧ,
дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga