Школьны мерыдыян

Грамадства Свежыя навіны

Ёсць вынік!

Павел Аблажэй, навучэнец 11 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы, прыняў удзел у абласным вочным этапе рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” у секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне”. Сярод 15 канкурсантаў ён заваяваў дыплом 2 ступені.

У гасцях доктар Нехварэйка

У рамках рэалізацыі абласной акцыі для дзяцей дашкольнага ўзросту “Азбука ЗОЖ для малышей” у дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава для выхаванцаў другіх малодшых груп і іх бацькоў быў праведзены тэатралізаваны паказ казкі “Доктар Нехварэйка”.

З дзецьмі былі замацаваны асноўныя правілы здаровага ладу жыцця.

Футбалісты-“Асы”

Навучэнкі 5 класа Круцілавіцкай сярэдняй школы Вікторыя Аўгусціновіч і Аляксандра Барысевіч, удзельніцы школьнай футбольнай каманды “Асы”, прынялі ўдзел у фестывалі футбольных клубаў у рамках праекта “Мой школьны футбольны клуб”, спаборнічалі з шаснаццаццю саперніцамі з іншых рэгіёнаў рэспублікі ў вядзенні футбольнага мяча рознымі спосабамі, ва ўдары па варотах і іншых. Аляксандра Барысевіч заняла І месца, Вікторыя Аўгусціновіч – ІІ.

“Мы выбіраем жыццё без наркотыкаў!”

Акцыя пад такой назвай прайшла ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе. Удзельнікі антынаркатычнага атрада “НаркоСТОП!” раздалі жыхарам пасёлка лістоўкі “Мы выбіраем жыццё без наркотыкаў. Далучайся!”.

Валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” выступіў з ініцыятывай правядзення агульнашкольнай лінейкі “Мы галасуем за здаровы лад жыцця. Без наркотыкаў”.

Расці, хвоя!

Навучэнцы 6 “Б” класа гэтай жа ўстановы адукацыі, члены школьнага лясніцтва “ЭКАЛЕС”, прынялі ўдзел у акцыі “Пасадзі дрэва”. Мясцовае лясніцтва забяспечыла іх саджанцамі хвоі і інвентаром, пазначыла ўчастак для пасадкі. Леснікі правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі, расказалі, як правільна абыходзіцца з мячом Колесава. А яшчэ адказалі на ўсе пытанні школьнікаў аб прафесіях людзей, якія працуюць у лясніцтве, праблемах лесу.

“Мы разам”

У гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшоў занятак клуба для бацькоў “Мы разам”. Бацькі даведаліся аб прафілактыцы жорсткасці і агрэсіўнасці ў школьным асяроддзі і метадах спынення булінга ў школе.

Педагог-псіхолаг правяла псіхалагічны трэнінг-практыкум “Усё пачынаецца з сям’і”. Яго мэта – дапамагчы бацькам знайсці шляхі да разумення паводзін уласнага дзіцяці, асабліва падлетка.

Фельчар гімназіі расказала аб метадах прафілактыкі прастудных захворванняў, нагадала аб важнасці вакцынацыі супраць грыпу і COVID-19, а таксама іншых захворванняў.

Самі бацькі паспрабавалі аказваць першую дапамогу ў непрадбачаных сітуацыях пад кіраўніцтвам старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіны Касцюк.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga