Знак прыпынку ў гэтым выразе кожны ставіць для сябе сам.
Аднак ад месца коскі напрамую залежаць адносіны чалавека да патрабаванняў закона.
Тэма
Што рабіць са знаходкай: пакінуць сабе ці занесці ў міліцыю?
Факт
З-за занятасці, мітусні, няўважлівасці і па іншых прычынах людзі час ад часу забываюць ці губляюць свае рэчы. Найчасцей гэта мабільныя тэлефоны, дакументы, грошы, пальчаткі, шалікі, парасоны, хаця бываюць і іншыя варыянты.
Асобам, якія знайшлі безгаспадарчыя рэчы, трэба памятаць аб абавязку вярнуць іх законным уладальнікам. Калі ж прыкладзены ўсе намаганні, а гаспадар так і не адшукаўся, аднесці ў міліцыю.
Незаконнае прысваенне падобнай знаходкі пагражае адказнасцю, аж да крымінальнай (у залежнасці ад кошту рэчы).
Выпадак з жыцця
Грамадзянка Рэспублікі Беларусь адпачывала з унучкай у санаторыі “Радон”. У час адной з прагулак па набярэжнай яны фатаграфаваліся. У выніку бабуля забылася свой тэлефон на лавачцы і накіравалася ў лес па суніцы. Пакінуты мабільнік убачыў жыхар горада Навагрудка, які з сям’ёй бавіў час у зоне адпачынку, прылеглай да санаторыя. Мужчына вырашыў прысвоіць яго, а таму адразу ж адключыў. Ён нават не спрабаваў устанавіць гаспадара, не перадаў тэлефон на рэсэпшэн санаторыя ці ў іншыя ўстановы, якія знаходзяцца ў той мясцовасці, не здаў у міліцыю.
Калі бабуля з унучкай вярнуліся да лавачкі і не знайшлі мабільнік, аб непрыемным здарэнні яны паведамілі праваахоўнікам. Па факце была ўзбуджана крымінальная справа, кваліфікаваная як крадзеж.
Каментарый спецыяліста
Следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:
– Кожны чалавек ведае, што браць чужыя рэчы нельга, і знаходкі ў гэтым плане не выключэнне. Калі трапляеце ў падобныя сітуацыі, ёсць некалькі варыянтаў паводзінаў.
Знайшлі, напрыклад, дакументы, кашалёк з карткамі, іншыя рэчы, па якіх можна вызначыць ўладальніка, – паспрабуйце самастойна звязацца з ім, яго блізкімі, сябрамі, каб аддаць знаходку.
Калі чужую маёмасць убачылі ў арганізацыях гандлю, аховы здароўя, банках, транспарце і гэдак далей, звярніцеся да супрацоўнікаў, кіраўнікоў гэтых установаў, на пункт аховы, у дыспетчарскую і перадайце знойдзенае, каб ужо яны ў далейшым устанавілі ўладальніка (магчыма, чалавек успомніць пра страту і вернецца).
Калі ж самастойна немагчыма вызначыць гаспадара знойдзенай рэчы, і яна знаходзіцца па-за тэрыторыі любых установаў, трэба неадкладна аднесці знаходку ў бліжэйшы аддзел міліцыі, дзе супрацоўнікі правядуць усе неабходныя мерапрыемствы па выяўленні ўладальніка.
Даведка
Згодна з заканадаўствам, страчанай лічыцца рэч, якая ляжала на зямлі, напрыклад, у лесе, парку, на вуліцы, а яе гаспадар не ведаў, дзе канкрэтна яе згубіў.
Калі ж чалавек памятае, дзе пакінуў без нагляду сваю маёмасць па няўважлівасці, тады яна будзе лічыцца забытай.
Прысваенне страчанай рэчы можа падпадаць пад санкцыі як адміністрацыйнага, так і крымінальнага заканадаўства. У абодвух выпадках учынак так і кваліфікуецца – “прысваенне”.
А вось калі чалавек пакінуў сабе забытую рэч, то такі супрацьпраўны ўчынак падпадае выключна пад крымінальную адказнасць, і кваліфікуецца як крадзеж.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga