Па гарачых слядах

Важнае Улада

На жаль, гэта не метафара.

26 сакавіка ў вёсцы Нянадавічы адбыўся пажар жылога дома, у агні загінуў пенсіянер, прычыны высвятляюцца. Гэта другая з пачатку 2024 года гібель ад агню на Дзятлаўшчыне.

Па гарачых слядах, ужо ранкам наступнага дня ў Казлоўшчынскім сельсавеце адбыўся шырокамаштабны сельскі сход з удзелам спецыялістаў службаў прафілактыкі раёна. У цэнтры ўвагі, вядома ж, пытанні бяспекі ў побыце, прычым самыя розныя – ад супрацьпажарнай да нагляду за дзецьмі на канікулах, увагі да пажылых, якія жывуць адны.

Пра небяспеку, што тоіць у сабе вада, расказаў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі. Яшчэ раз нагадаў пра патрабаванні для рыбакоў надзяваць ратавальныя камізэлькі, калі рыбачаць у лодцы. Перад набліжэннем цёплага сезона падкрэсліў, што месцамі, дазволенымі на Дзятлаўшчыне для купання, з’яўляюцца пляжы санаторыя “Радон” і дзятлаўскі, дзе працуюць ратавальныя пасты. Акцэнтаваў увагу на тым, што за парушэнне дазволу прадугледжаны штраф, як і за адпачынак каля вады ў стане алкагольнага ап’янення. Папрасіў бацькоў сачыць за дзецьмі, каб яны не сталі ахвярай вады, тое ж самае і наконт дамашніх басейнаў.

Намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка расказаў, што з пачатку гэтага года ў раёне адбылося 10 пажараў, летась за такі ж час – 7. Ахвярамі агню сталі 2 чалавекі (за ўвесь 2023 год загінулі 4). Сацыяльны партрэт сярэднестатыстычнай ахвяры агню – чалавек, які злоўжывае спіртным і жыве адзін, курыць у ложку. Да такіх жыхароў і адзінокіх людзей сталага ўзросту павінна быць павышаная ўвага. Ратаўнік заклікаў у жылых пакоях выкарыстоўваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, для адзінокіх састарэлых грамадзян – найлепш з вывадам святлогукавога сігнала на фасад. Расказаў, аб чым можа “падказаць” мабільны дадатак “Дапамога побач”, нагадаў аб забароне палаў сухоў расліннасці і правілах спальвання смецця. Каб не быць галаслоўным, прапанаваў прагляд кароткага роліка аб маштабным пажары ў вёсцы Руда Ліпічанская, дзе з-за палу смецця згарэлі амаль усе пабудовы, вінаваты быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці з пагашэннем урону.

Пытанні абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх патлумачыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Адзначыла, што Казлоўшчынскі сельсавет – лідар адмоўнай статыстыкі: тут жывуць 22 дзіцяці з 15 сем’яў, прызнаныя ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Яна заклікала дарослых быць больш уважлівымі да патрэбаў, заняткаў, вольнага часу сваіх дзяцей. Нагадала патрабаванні Дэкрэта № 18 і папрасіла грамадскасць не заставацца раўнадушнымі, паведамляць суб’ектам прафілактыкі пра факты сямейнага недабрабыту, якія пагражаюць жыццю і здароўю непаўналетніх.

Правілы карыстання газавымі прыборамі ў побыце нагадаў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар. Пры адчуванні паху газу заклікаў тэлефанаваць на нумар 104 – аварыйная брыгада працуе кругласутачна. Спыніўся на неабходнасці рэгулярнай праверкі вентыляцыйных каналаў на наяўнасць цягі для газавых катлоў і калонак. Закрануў тэму тэрміну прыдатнасці і дыягностыкі газавага абсталявання, расказаў, чаму ў памяшканнях з газавымі прыборамі неабходны датчыкі чаднага газу.

Аб кірунках дзейнасці Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна расказала спецыяліст гэтай установы Іна Стырнік. Заклікала больш увагі надаваць уразлівым катэгорыям насельніцтва, тым больш што для іх прадугледжаны розныя віды падтрымкі, адна з якіх – пражыванне ў Казлоўшчынскім аддзяленні для пажылых людзей і інвалідаў ці Доме самастойнага сумеснага пражывання аграгарадка Гезгалы.

Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка нагадаў прысутным аб дзеяннях махляроў з інтэрнэту і маёмаснай бяспецы, папрасіў быць больш уважлівымі да дзяцей і састарэлых людзей.

Вынікі сустрэчы падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён адзначыў, што людзям трэба часцей нагадваць правілы бяспекі, бо грэбаванне імі вядзе да бяды, а яшчэ бяспека не церпіць раўнадушша: калі становіцеся сведкамі парушэнняў – рэагуйце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: