Неактуальныя працэдуры выключаюцца, залішнія аб’ядноўваюцца

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Указ Прэзідэнта № 55 ад 16.02.2024 года “Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” карэктуе ўказ № 200, які зацвердзіў пералік адміністрацыйных працэдур, якія праводзяцца дзяржорганамі і іншымі арганізацыямі для грамадзян.

Разгледзім некаторыя змяненні, якія ажыццяўляюцца непасрэдна праз службу “адно акно”. Яны закранулі тэрмін выканання працэдур і дзеянні, па якіх выдаюцца дакументы, пералік дакументаў, якія прадастаўляюць заяўнікі. Адны працэдуры аб’ядноўваюцца, іншыя выключаюцца. Па ажыццяўленне некаторых адміністрацыйных працэдур можна будзе звярнуцца ў свой сельскі савет (ужо няма неабходнасці ехаць у горад Дзятлава).

Гэтыя змяненні ўступілі ў сілу з 23 сакавіка 2024 года.

Жыллёвыя праваадносіны

Выключаецца неабходнасць прыносіць даведку аб прадастаўленні (непрадастаўленні) ільготных крэдытаў для атрымання:

— аднаразовай субсідыі на жыллё,

— аб уключэнні ў спісы на атрыманне гэтай субсідыі;

— аб уключэнні ў спісы на атрыманне льготных крэдытаў грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу.

Акрамя таго, указ № 55 аб’яднаў у адну працэдуру ўзгадненне ўстаноўкі і самавольнай устаноўкі антэн (канструкцый) на дахах шматкватэрных дамоў. Тэрмін працэдуры – 15 дзён.

У сферы працы і сацыяльнай абароны

Усынавіцелям і апекунам для атрымання рашэння аб аднаразовай выплаце сем’ям пры нараджэнні двух і больш дзяцей спатрэбіцца таксама выпіска з рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні), копія рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб устанаўленні апекі.

Адукацыя

Указ № 55 аднёс сельскі і пасялковы выканкамы да ўпаўнаважаных органаў, якія ажыццяўляюць:

— пастаноўку на ўлік дзяцей у мэтах атрымання імі дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі;

— выдачу накіравання ў дзіцячую дашкольную ўстанову. Цяпер для атрымання гэтага накіравання неабходна звярнуцца ў свой сельскі савет па месцы жыхарства.

Турызм

Для прыняцця рашэння аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму не трэба прадастаўляць асобным дакументам згоду ўласніка жылля на яго выкарыстанне для ажыццяўлення такой дзейнасці. Цяпер згода прапісваецца ў заяве і завяраецца подпісам уласніка.

Калі суб’ект аграэкатурызму – уласнік жылля, дзе плануецца ажыццяўляць дзейнасць, гэта зноў-такі прапісваецца ў заяве.

Электра -, цепла — і водазабеспячэнне

Уключэнне ў спісы на пакрыццё часткі расходаў на работы па электразабеспячэнні жылля і прыняцце рашэння аб такой кампенсацыі прадугледжваецца і для шматкватэрных дамоў. Прычым за названымі працэдурамі могуць звярнуцца ўладальнікі такога жылля, пераведзенага на выкарыстанне электраэнергіі для патрэбаў ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы да 23 сакавіка 2024 года.

Пры кампенсацыі часткі выдаткаў на ўстаноўку электразабеспячэння жылля акты агляду (допуску) электра- або цеплаўстановак раней выдаваліся бестэрмінова. Цяпер гэтыя акты дзейнічаюць да даты падключэння электраўстаноўкі да электрасеткі або цеплаўстаноўкі да цепласеткі энергазабяспечвальнай арганізацыі, але не больш за 3 месяцы.

Транспарт

З пераліку выключана працэдура прыняцця рашэння аб зняцці з уліку маючых патрэбу ў месцах захоўвання транспарту (гаражы). Каб знялі з уліку, дастаткова накіраваць у выканкам (іншы ўпаўнаважаны орган) апавяшчэнне. (Прыклад: прашу зняць мяне з уліку маючых патрэбу ў месцах захоўвання транспартных сродкаў (гаражы).

Сельская гаспадарка

Зарэгістраваць катоў і сабак, атрымаць жэтон, пасведчанне зараз можна, звярнуўшыся ў сельскі савет па месцы жыхарства.

Больш дакладную інфармацыю можна атрымаць у службе “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне: 2-71-61 або па адзіным даведачна-інфармацыйны нумары 142.

Нагадаем, што “адно акно” размяшчаецца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца). Працуе служба па зручным для грамадзян графіку: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед.

Станіслава ГАНЧАР,
галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама, кіраўнік службы “адно акно”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga