Лялечны тэатр – адно з самых любімых відовішчаў дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Ён прыцягвае сваёй яркасцю, маляўнічасцю, дынамікай. Незвычайнасць відовішча захоплівае, пераносіць у асаблівы, займальны свет, дзе ўсё незвычайнае, усё магчыма.
На базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі дзейнічае лялечны тэатр “ЧытайКа”. Стварыць тэатр аказалася не так проста. Галоўнае ў гэтай справе – лялькі. Па інтэрнэце знайшлі іх у майстра-самавучкі ў Пермскім краі – і не прагадалі. Лялькі атрымаліся прыгожыя.
Падрыхтоўка спектакля стала займальным працэсам: выбар казкі для пастаноўкі, чытанне ўслых, падбор музыкі, размеркаванне роляў, правядзенне рэпетыцый. Зрабілі дэкарацыі да казак, кожны абраў сабе ролю па душы. І працэс пайшоў… “Рукавічка”, “Як звяры мішку разбудзілі”, “Як зайчык-хвалько хацеў стаць чытачом бібліятэкі” і іншыя.
А каб павялічыць аўдыторыю гледачоў, стварылі бібліятэчны тэлеканал “У гасцях у казкі”, які пастаянна папаўняецца. Яго можна наведаць на YouTube-канале нашай установы.
Але асноўныя гледачы, вядома ж, нашы сябры – дзеці. Яны заўсёды з захапленнем наведваюць прадстаўленні. Пасля спектакля бібліятэкары прапануюць ім узяць у рукі лялькі і пабыць акцёрамі, пагуляць і пафантазіраваць.
Мы запрашаем усіх жадаючых наведаць нашы лялечныя спектаклі.
Алена ВЯЛІЧКА,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga