Спорная ранняя вясна не дае аграрыям засядзецца на месцы: разам з іншымі гаспадаркамі раёна да вясновых палявых работ прыступілі ў сельскагаспадарчым філіяле “АграМілк”.
Аб тым, што ўжо зроблена, а таксама найбліжэйшых планах расказаў галоўны аграном філіяла Андрэй Лежань:
– Усе работы ажыццяўляем у вызначаны тэрмін згодна з планам і ўмовамі надвор’я: ужо правялі падкормку азімых культур, пачалі ўнясенне другой азотнай падкормкі пад азімы рапс на плошчы 600 гектараў. Цяпер уносім арганічныя ўгнаенні і праводзім культывацыю, падрыхтоўку глебы пад сеў ранніх яравых збожжавых. Плануем пасеяць 200 гектараў гароху і 497 гектараў яравога ячменю, таксама вядзём падсяванне шматгадовых траў люцэрны на плошчы 250 гектараў (пасеяна ўжо 100 гектараў), культура з’яўляецца каштоўным кормам для жывёлы.
Ва ўрочышчы Грабавы Куст працуюць адразу чатыры трактары гаспадаркі, два з іх – з новым прычапным абсталяваннем.
На трактары МТЗ-3522 з камбінаванай пнеўматычнай сеялкай “АМЕГА 6000 Ферці” працуе механізатар Сяргей Шульга з Ліды.
– Работа ідзе актыўна: трактар надзейны, магутны, працую на ім тут другі год, нядаўна мне даверылі новую сеялку чэшскай вытворчасці. Устаноўку, наладку і навучанне праводзіла ТАА “Біякам Тэхналогія”. Сеялка шматфункцыянальная і няпростая ў выкарыстанні: тут з дапамогай камп’ютара выстаўляецца норма высеву, асобна загружаюцца бункеры з насеннем і ўгнаеннем. Працуе выдатна: высявае, укатвае глебу. Паглядзіце, які роўны за ёй палетак. Не горш паказваюць сябе сеялкі “АПП-6Г” вытворчасці ААТ “Лідаграпраммаш”, якія таксама ёсць у машынна-трактарным парку філіяла.
Сяргей Іванавіч – спадчынны механізатар, прадаўжае бацькаву справу і сямейныя традыцыі ўжо 13 гадоў. Пры гэтым як прадстаўнік маладога пакалення аграрыяў з новай тэхнікай на “ты”. Таму і работа ў радасць, і настрой пазітыўны.
Непадалёку на “Джон Дзіры” рыхтуе глебу да пасеву яго зямляк, лідчанін Дзмітрый Грыцко.
– Працую ў СГФ “АграМілк” ужо пяць гадоў, сёлета атрымаў новы перадпасяўны культыватар “Амкадор КШП-10” з захопам 10 метраў. Ходзіць добра, надзейны ў рабоце. Атрыманы вынік задавальняе мяне і кіраўніцтва.
Па словах механізатара, сельскагаспадарчы сезон для яго пачынаецца вясной і заканчваецца толькі позняй восенню: пасля культывацыі прыступіць да пасяўных работ, летам перасядзе на камбайн у час уборачнай кампаніі, а затым зноў ворыва. Усім аграрыям ён жадае спрыяльнага надвор’я, надзейнай тэхнікі і добрага ўраджаю.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga