Яркую, эмацыйную, пазітыўную, непараўнальную сустрэчу 7 сакавіка жанчынам Дзятлаўшчыны падарыла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Па запрашэнні Міхаіла Орды напярэдадні самага вясновага свята ў наш раён “прыехала” рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя ФПБ “Мы разам – за Беларусь!”.
Вясновы настрой панаваў ужо ў фае Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе кожнай наведвальніцы пры дзвярах з лепшымі пажаданнямі ўручалі букет кветак.
А ў зале вабных і прыгожых чакаў яшчэ і букет песенных нумароў і найлепшых пажаданняў ад артыстаў беларускай эстрады і папулярнага вядучага Дзмітрыя Карася.
Шчырыя, цёплыя словы дзятлаўчанкам адрасаваў Міхаіл Орда:
– 8 Сакавіка – адно з самых цудоўных святаў, якое чакаюць як жанчыны, так і мужчыны, каб падарыць свае віншаванні. Жанчына заўжды была і застаецца сімвалам прыгажосці, надзейнасці, цярпення, міласэрнасці. Вы, жанчыны, выступаеце за самае галоўнае – аберагаеце мір для нашых дзяцей. Разам з тым паспяваеце сябе рэалізаваць: дабіваецеся прафесійных і кар’ерных поспехаў, аберагаеце сям’ю, ствараеце ў ёй любоў. Жадаю вам, каб асаблівая святочная атмасфера гэтага дня заставалася з вамі надалей, каб блізкія былі побач, цанілі вас і бераглі.
Ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў дзятлаўчанак павіншаваў Андрэй Садоўскі:
– Такой колькасці зорак адначасова ў гэтай зале яшчэ не было, але вы гэтага падарунка дастойныя. Цяжка недаацаніць вашу працу, прафесійнае майстэрства, вы ўносіце значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, актыўныя ў грамадскім жыцці, дзейнаці аб’яднанняў, незаменныя ў сем’ях. Жадаю вам кахання, павагі, каб не толькі ў святы, але і ў будні сем’і вам былі апорай, дзеці апраўдалі найлепшыя спадзяванні, а мы, раённая ўлада, вас падтрымаем.
За значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Дзятлаўшчыны кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі ўручыў дыплом райвыканкама і ганаровы знак “За заслугі” Міхаілу Ордзе.
– Ніхто іншы на працягу сваёй прафесійнай дзейнасці і дэпутатства так не перажываў за Дзятлаўскі раён і столькі для яго не зрабіў, як вы, Міхаіл Сяргеевіч, – адзначыў старшыня райвыканкама.
– Гэта мая малая радзіма, тут я дома, – падзякаваў землякам Міхаіл Орда. – Дзякуй і за тое, што падтрымалі маю кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Я выбраны туды ўжо чацвёрты раз. А самы вялікі гонар, які ёсць, – гэта служыць сваім землякам. Буду рабіць усё, каб мы спраўляліся з праблемамі. А калі “Мы – разам!”, як вызначае акцыя, то зможам усё.
Каб “раскрыць” яшчэ адзін сюрпрыз, Міхаіл Сяргеевіч успомніў свае юныя гады, калі ўдзельнічаў у школьным ансамблі. Расказаў, што ў падтрымку самадзейнасці ў раёне сёння ён прывёз і дорыць музычныя інструменты.
Святочную праграму прадоўжылі яркія выступленні народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай, фіналіста сумеснага праекта Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Музычнай медыякампаніі і тэлеканала АНТ “Зорны шлях” Андрэя Цямчыка, спявачкі Аляксандры Мелех, салісткі групы “Аўра” Юліі Быкавай, заслужанай артысткі Беларусі Вікторыі Алешка. І, безумоўна, цэлы акіян эмоцый гледачам падарыла выступленне любімай і шануемай ў Беларусі групы “Дразды”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga