На першы погляд можа падацца, што гэтыя недапушчальныя паводзіны тычацца выключна “свету дарослых”.
На самой жа справе дзецям не менш важна павышаць псіхалагічную дасведчанасць і ўмець пастаяць за сябе і слабейшых.
Чарговае пасяджэнне метадычнага аб’яднання прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, якое праходзіла на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, было прысвечана менавіта тэме “Маніпуляцыя. Газлайтынг. Аб’юз” і вучыла, як супрацьстаяць схаваным формам псіхалагічнага гвалту.
Як зразумець, што ваша дзіця – маніпулятар, і вярнуць бацькоўскі аўтарытэт? Якіх памылак варта пазбягаць і як сябе паводзіць, калі пачалі заўважаць, што паддаяцеся на ўгаворы дзіцяці? Тлумачэнні на гэтыя і іншыя пытанні прысутным далі спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Больш падрабязна спыніліся на тэме “Маніпуляцыі ў сацыяльных сетках. Прафілактыка інтэрнэт-залежнасці падлеткаў”, бо медыяадукаванасці большасці бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў недастаткова, каб засцерагчы сваіх дзяцей ад тых пагрозаў і негатыву, якія зыходзяць з Інтэрнэту.
Удзельнікі сустрэчы таксама атрымалі падрабязныя рэкамендацыі педагога-псіхолага, як распазнаць псіхалагічныя маніпуляцыі, эмацыйны гвалт, якія метады супрацьстаяння газлайтынгу і аб’юзу больш выніковыя. Бацькам перадалі памяткі і інструкцыі па наладжванні кантролю на мабільных тэлефонах непаўналетніх і прэс-рэлізы “Нацыянальны цэнтр усынаўлення інфармуе”.
Кацярына ГУБКО,
выхавальнік СПЦ горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga