Круглая сума за кулакі

Галоўнае Грамадства

У Дзятлаўскім сельскім выканаўчым камітэце адбылося адкрытае выязное пасяджэнне суда Дзятлаўскага раёна.

У разглядзе крымінальнай справы прыватнага абвінавачання, узбуджанай пракуратурай раёна з прэвентыўнай мэтай, прымалі ўдзел суддзя Дзятлаўскага раёна Сяргей Сёмуха, яго памочнік Ірына Грыб, у якасці абвінаваўцы выступала памочнік пракурора Ірына Забеліна.

Як стала вядома з матэрыялаў следства, падсуднаму інкрымінавалася, што ён у снежні мінулага года ў стане алкагольнага ап’янення ў час сваркі з дачкой наўмысна двойчы ўдарыў яе кулаком па твары. У выніку гэтых супрацьпраўных дзеянняў жанчыне былі нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія выклікалі кароткачасовае расстройства здароўя (сатрасенне галаўнога мозга, кровападцёкі), у выніку чаго яна праходзіла лячэнне ў бальніцы. У якасці доказаў віны былі прадстаўлены медыцынская даведка і заключэнне экспертызы.

Як патлумачыў сам вінаваты, у той злашчасны дзень усе дарослыя члены сям’і: ён, былая жонка, з якой жывуць разам, дачка і сын з нявесткай – пасядзелі за сталом, быў і алкаголь. Калі мужчына пайшоў спаць, ён пачуў, што паміж былой жонкай і іх дачкой узнікла сур’ёзная сварка, і вырашыў заступіцца за “другую палавіну”. У выніку не знайшоў нічога лепшага, як павучыць дачку правільным паводзінам з дапамогай кулакоў.

Сваю віну ў судзе дзятлаўчанін прызнаў поўнасцю і чыстасардэчна раскаяўся, маўляў, “вінаваты, што не стрымаў эмоцый, лепш бы выклікаў міліцыю”. Мужчына раней не быў судзімы, у гаспадарцы, дзе працуе больш за 20 гадоў, характарызуецца станоўча, сярод ранейшых парушэнняў толькі 2 адміністрацыйныя па лініі дзяржаўтаінспекцыі з вынясеннем папярэджанняў. Расказаў, што з дачкой у сям’і і раней узнікалі непаразуменні з-за яе ладу жыцця: жанчына пазбаўлена бацькоўскіх правоў на дзяцей (трое з іх жывуць з былой свякроўю, яшчэ адно дзіця – у кроўнага бацькі ў іншым горадзе). Разам з тым, падсудны згадзіўся, што гэта не давала яму права вучыць гора-маці праз рукапрыкладства.

З улікам асобы абвінавачанага, яго станоўчых характарыстык і адсутнасці ранейшай судзімасці, а таксама такога абцяжарваючага фактара, як алкагольнае ап’яненне, суд вынес яму прысуд у форме штрафу ў памеры 30 базавых велічыняў (1200 рублёў) з кампенсацыяй маральнай шкоды пацярпелай на суму 400 рублёў і выплатай дзяржпошліны ў даход дзяржавы.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga