Гэтага выхаванцам дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава пажадалі ўдзельнікі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця харчблока ўстановы пасля капітальнага рамонту.
Здача аб’екта ў эксплуатацыю адбылася 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і стала цудоўным падарункам для дзяцей ад раённай улады. Збылася мара калектыву дзіцячага сада, каб выхаванцы атрымлівалі якаснае харчаванне, а ежа гатавалася ў прыгожым светлым памяшканні з сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Асаблівыя словы ўдзячнасці за капрамонт харчблока прагучалі на адрас старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Са знамянальнай падзеяй работнікаў і выхаванцаў установы павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснікі старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік і Вадзім Бялятка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, кіраўнік Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Святлана Панасюк, прадстаўнік будаўнічай арганізацыі ТАА “Янистрой” Андрэй Радаш, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.
– Сёння вялікае свята: роўна 30 гадоў прайшло, як была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, – адзначыў Аляксандр Бараноўскі. – Сімвалічна, што да юбілею павінны быць і падарункі, таму зараз мы прысутнічаем на адкрыцці сучаснага, вельмі функцыянальнага і вельмі патрэбнага харчблока.
Амаль 75 % бюджэту Дзятлаўшчыны ідзе на сацыяльную сферу, вялікая ўвага надаецца ў тым ліку сферы адукацыі – школам і дзіцячым садам. У раёне шмат робіцца для таго, каб нашы маленькія грамадзяне, будучыня Беларусі, раслі здаровыя, пад мірным небам і радавалі сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў. Усіх дарослых віншую з гэтай важнай падзеяй, жадаю дабрабыту, сямейнага шчасця, а дзеткам – расці бестурботна, бесклапотна, быць здаровымі.
У прысутнасці гасцей і работнікаў дашкольнай установы загадчыцы дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава Алене Лазоўскай ад прадстаўніка будаўнічай кампаніі Андрэя Радаша быў уручаны сімвалічны ключ ад харчблока.
– Гэты “чароўны ключ” адкрые нам дзверы ў прыгожыя сучасныя памяшканні, – падзякавала Алена Іванаўна. – Яны абсталяваны ўсім неабходным, каб нашы повары гатавалі вельмі смачныя і карысныя стравы, якія з задавальненнем будуць есці выхаванцы. Мы ўдзячны раённай выканаўчай уладзе за значныя сродкі, а з бюджэту раёна на будматэрыялы і абсталяванне харчблока патрачана 472 тысячы 300 рублёў. Таксама дзякуем кожнаму, хто меў дачыненне да будаўніцтва і навядзення парадку.
Права разрэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена Аляксандру Бараноўскаму, Марыне Лашкоўскай, Святлане Панасюк, Андрэю Радашу.
Каля дзвярэй харчблока з духмяным пышным караваем па добрай народнай традыцыі гасцей віталі работнікі кухні.
Вядома ж, адбылася невялікая экскурсія па гэтым аб’екце, які зз’яў ад чысціні, новых прыладаў і абсталявання. Увагу гасцей звярнулі на тое, што ўсё на адрамантаваным харчблоку адпавядае санітарным правілам і нормам для арганізацыі дзіцячага грамадскага харчавання. Маюцца агароднінны, халодны, мяса-рыбны, гарачы цэхі, склад, сучаснае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. Інвентар, посуд і тара выраблены з матэрыялаў, дазволеных для кантакту з харчовымі прадуктамі.
– Стравы, прыгатаваныя на новым абсталяванні, сапраўды вельмі смачныя, іх ужо ацанілі дзеці і радуюць чыстымі талеркамі, – расказала Алена Лазоўская. – Аднак галоўнае – гэта людзі, нашы работнікі кухні. Усе яны кваліфікаваныя, правераныя часам спецыялісты. Калектыў прыклаў нямала намаганняў, каб цяпер радавацца такой прыгажосці.
Уражаннямі падзялілася і галоўная гаспадыня кухні – шэф-повар Алена Макарчык:
– У нас невялікі, але зладжаны калектыў: яшчэ працуюць два повары Таццяна Купрэева і Вольга Місарэвіч, кухонны работнік Галіна Ксюкалава і кладаўшчык Жанна Місцюкевіч. Калектыў дружны, работа ў яго руках спорыцца, не затрымліваецца. Мы вельмі задаволены рамонтам, ён сучасны, камфортны, прыгожы. Працуем з задавальненнем.
Прычым на гэтым сюрпрызы не скончыліся: гасцей запрасілі яшчэ і ў спартыўную залу, якая таксама была абноўлена, пакуль доўжыўся рамонт харчблока. Побач з ёю зрабілі “пакой бяспекі”, у якім ёсць развіваючыя гульні, мадэлі тэхнікі, канструктары і ўсё неабходнае, каб праз гульню выхаванцы сада вучыліся мерам бяспекі ў розных жыццёвых сітуацыях. Было зроблена і многае іншае, што дапамагло ўдасканаліць памяшканні дашкольнай установы.
Пра рамонт спартыўнай залы расказала кіраўнік фізічнага выхавання Вераніка Антончык:
– Калі рамантавалі харчблок, паралельна абнавілі і спартыўную залу. Тут таксама ўсё стала па-сучаснаму: новае пакрыццё на падлозе, адноўлены сцены і столь, пастаўлены шклопакеты на вокны, згодна з патрабаваннямі на іх усталяваны сеткі, з’явіліся і новыя свяцільні з рашоткамі. Інтэр’ер мы пастараліся цікава аздобіць, для чаго выбралі прыгожыя наклейкі на спартыўную тэматыку. Для заняткаў ёсць мяккія модулі, інвентар, у задумках – павесіць шведскую сценку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga