28 сакавіка выязная адкрытая прыёмная для бізнесу адбылася на базе Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава.
Атрымаць кансультацыю спецыялістаў і пазнаёміцца з навінамі заканадаўства змаглі прадстаўнікі бізнес-супольнасці Дзятлаўшчыны ў час сустрэчы са спецыялістамі Гродзенскага аблвыканкама, Дзятлаўскага райвыканкама, абласных і раённых службаў.
– Адкрытая прыёмная для бізнесу, якая праводзіцца двойчы на год, трывала ўвайшла ў практыку работы ўпраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама, – адзначыла кіраўнік групы, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Алена Валько. – Выязная форма правядзення сустрэч здымае бар’еры ў стасунках паміж прадстаўнікамі дзяржаўнага, прыватнага бізнесу на месцах і кампетэнтнымі спецыялістамі абласнога ўзроўню тых структур і службаў, з якімі перасякаюцца інтарэсы прадпрымальнікаў у паўсядзённай дзейнасці. Падобныя сустрэчы былі ініцыяваныя менавіта для зручнасці прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах.
На працягу некалькіх гадзін спецыялісты падтрымкі прадпрымальніцтва, эканомікі, гандлю, санітарна-эпідэміялагічнай службы, падатковых органаў, архітэктуры і будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя і іншых сфер кансультавалі індывідуальных прадпрымальнікаў, супрацоўнікаў арганізацый. Жадаючыя маглі атрымаць адказы па пытаннях падаткаабкладання, цэнаўтварэння, рэарганізацыі, прыватызацыі бізнесу, маёмасных спрэчак, прымянення бухгалтарскага і падатковага заканадаўства, падзяліцца праблемамі, якія ўзніклі пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.
Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская падкрэсліла, што адкрытая прыёмная для бізнесу – выдатная магчымасць для прадпрымальнікаў павысіць сваю інфармаванасць і ўзровень самаадукацыі, даведацца аб змяненнях у заканадаўстве.
У ходзе работы адкрытай прыёмнай мясцовыя прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага бізнесу найбольш актыўна звярталіся па кансультацыю да абласных спецыялістаў у сферы землеўпарадкавання і санітарнага кантролю. Былі пытанні нават да энергетыкаў.
– Сустрэчы ў рамках адкрытай прыёмнай для бізнесу запатрабаваныя ў прадпрымальнікаў рэгіёна, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара РУП “Гроднаэнерга” Сяргей Кіянка. – Яны атрымліваюць магчымасць напрамую звярнуцца па інфармацыю і кансультацыю па розных пытаннях, якія па шэрагу прычын патрабуюць кампетэнцыі абласных спецыялістаў. Напрыклад, да нас звяртаюцца па тлумачэнні прымянення тарыфаў на электрычную энергію і пытаннях падключэння аб’ектаў прадпрымальнікаў да электрычных сетак. Адметна, што звяртаюцца не толькі прадстаўнікі арганізацый і прадпрымальнікі, але і фізічныя асобы.
Па новыя рашэнні ў адкрытую прыёмную прыйшоў юрысконсульт Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Аляксей Цітоў:
– Радуе, што ёсць магчымасць без выезду ў абласны цэнтр атрымаць кансультацыю патрэбных спецыялістаў. Звярнуўся ў прыёмную, каб параіцца, як лепш узаконіць самавольныя пабудовы. Спецыялісты прапанавалі некалькі варыянтаў вырашэння сітуацыі. У далейшым будзем разглядаць іх з зямельнай службай раёна і выбіраць найменш затратны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga