Пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх абмеркавалі на сельскім сходзе ў аграгарадку Дварэц, на які былі запрошаны работнікі калектываў і пажылыя жыхары.
Удзел у сустрэчы прынялі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка і спецыялісты адказных службаў.
Старшыня Дварэцкага сельвыканкама Вера Добыш расказала аб актуальным стане спраў, узгадала, што на тэрыторыі сельсавета сёлета зафіксаваны 3 пажары, у тым ліку 1 з гібеллю чалавека. Яна заклікала жыхароў аграгарадка падтрымліваць у бяспечным стане не толькі свае домаўладанні, але і звяртаць увагу на тое, што адбываецца побач.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык агучыў статыстыку пажараў у раёне, закрануў актуальныя тэмы, звязаныя з бяспекай насельніцтва, нагадаў аб катэгарычнай забароне на выпальванне травы на корані.
Сяргей Сяргеевіч яшчэ раз засяродзіў увагу на тым, што пажарны апавяшчальнік – важны атрыбут кожнага жылога памяшкання, дзе начуюць людзі, ён не адзін раз ужо выратаваў жыцці.
– Не забывайцеся, што важна не толькі ўстанавіць АПА дома, але і падтрымліваць яго ў рабочым стане, своечасова замяняць элемент сілкавання, – адзначыў Сяргей Казушчык.
Па словах начальніка аддзела адукацыі Марыны Лашкоўскай, найважнейшы клопат дарослых – жыццё, здароўе і бяспека іх непаўналетніх дзяцей. На тэрыторыі Дварэцкага сельсавета няма сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы, аднак у аддзел паступалі сігналы аб сямейным недабрабыце, якія ў выніку расследавання не атрымалі пацвярджэння.
Загадчыца аддзялення дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Дзятлава Іна Петрукевіч расказала, якую падтрымку дзяржава аказвае ў доглядзе пажылых жыхароў Дзятлаўшчыны. Яна нагадала нумары раённай службы даверу для тых, хто трапіў у складаную сітуацыю.
Аб правілах эксплуатацыі газакарыстальнага абсталявання і яго абавязковай штогадовай праверцы ўдзельнікам сходу паведаміў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар.
– Таксама абавязковым з’яўляецца абследаванне дымавых і вентыляцыйных каналаў, якое раз на год праводзяць спецыялісты добраахвотнага пажарнага таварыства, – адзначыў Юрый Іванавіч. – Без акта аб такім абследаванні спажыўцы газу не маюць права карыстацца паліўнымі воданагравальнымі катламі.
Перад пачаткам чарговага купальнага сезона з абноўленымі правіламі паводзінаў на вадзе азнаёміў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі.
Вынік сустрэчы падвёў Вадзім Бялятка:
– Чырвоным радком ва ўсіх выступленнях праходзіць думка, што найперш мы самі нясём адказнасць за ўласную бяспеку. Разам з тым заклікаю вас не забываць і пра грамадскую бяспеку, не быць раўнадушнымі да людзей, якія жывуць побач з вамі. Калі ў вас ёсць пажылыя бацькі-вяскоўцы, паклапаціцеся аб устаноўцы для іх пажарнага апавяшчальніка з вывадам на фасад. Хутка пачнуцца вясновыя канікулы, якія павінны быць максімальна бяспечнымі для школьнікаў.
Таксама Вадзім Аляксандравіч засяродзіў увагу на дзейнасць тэлефонных і інтэрнэт-махляроў, заклікаў землякоў не паддавацца на маніпуляцыі.
Жыхары сельсавета, якія мелі асабістыя пытанні да прадстаўнікоў службаў раёна, змаглі задаць іх пасля сходу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga