Адзіны дзень інфармавання. Рэспубліка Беларусь: праекты будучыні

Важнае Улада

21 сакавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі груп.

З калектывам ДРБУ-119 сустрэлася група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, у Новаяльнянскай дзіцячай школе мастацтваў выступіла група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Таксама працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, Вольгі Жэлезоўскай, Дзмітрыя Баравіка.

У ліку актуальных абмеркавалі тэму “Рэспубліка Беларусь: праекты будучыні”. Было адзначана, што за гады незалежнасці нашай дзяржавы зроблена вельмі шмат. У пачатку 90-х краіна сутыкнулася з пагрозай знішчэння навуковага патэнцыялу: спынялася фінансаванне даследчых праграм, закрываліся навуковыя школы, выязджалі таленавітыя вучоныя. Пераламаць катастрафічную тэндэнцыю ўдалося толькі з прыходам да ўлады дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер мы паспяхова запускаем у космас свае спадарожнікі, уступілі ў клуб ядзерных дзяржаў, штурмуем Антарктыду, развіваем запатрабаваныя ва ўсім свеце IT- і біятэхналогіі. Сярод самых важкіх дзяржаўных дасягненняў – будаўніцтва БелАЭС, за кошт якой краіна атрымала канкурэнтныя перавагі і значна ўмацавала энергетычную бяспеку, павысіла камфорт жыхароў, беражэ навакольнае асяроддзе. Развіццё біятэхналогій дэманструе прарыўныя адкрыцці ў аграрным сектары і ахове здароўя, лекавым забеспячэнні насельніцтва. Адзін з самых маштабных тэхналагічных праектаў 2022 года, ініцыіраваны Прэзідэнтам, – Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, якая рэалізуе інвестпраект па высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу. Яго мэта – глыбокая перапрацоўка збожжа па сучасных біятэхналогіях, што спрыяе атрыманню высокапрадуктыўных збалансаваных кармоў і дабавак. У Акадэміі навук створаны вытворчасці айчынных лекавых прэпаратаў, заснаваных на ферментным сінтэзе злучэнняў з проціпухліннай і імунастымулюючай актыўнасцю. У Віцебскай вобласці фарміруецца біяфармтэхналагічны кластар. У касмічнай галіне краіны задзейнічана больш за 20 навуковых і вытворчых арганізацый, дзе працуе каля 4 тысяч чалавек. На арбіце – чатыры беларускія спадарожнікі. Эканамічны эфект ад выкарыстання касмічнай інфармацыі: 44 мільёны долараў ЗША. Арганізуецца палёт на расійскі сегмент Міжнароднай касмічнай станцыі беларускай касманаўткі. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы незалежная Беларусь у 2006 годзе далучылася да Дагавора аб Антарктыцы, а ў 2020-м Беларуская станцыя “Гара Вячэрняя”, размешчаная ва Усходняй Антарктыдзе, прызнана міжнароднай інспекцыяй адной з лепшых. У галіне інфарматызацыі і штучнага інтэлекту распрацаваны: дадатак для спецыялістаў у сферы штучнага інтэлекту, праграмны комплекс для першаснай дыягностыкі захворванняў лёгкіх і выяўлення ў іх новаўтварэнняў, беспілотныя лятальныя апараты і іншае. Значная работа вядзецца і па выпуску электратранспарту. Можна зрабіць упэўненую выснову, што цяжкасці не спыняюць беларусаў, а матывуюць, дапамагаюць рашаць самыя амбіцыйныя задачы. Наша рэспубліка мае сур’ёзныя пункты росту, якія вызначаць яе развіццё ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

– У нашай дзяржавы былі не лепшыя “стартавыя” ўмовы на парозе ў незалежнасць, – выказаў сваё меркаванне кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. – Аднак беларусы ў 1994 годзе зрабілі правільны выбар, і да ўлады прыйшоў мудры лідар – Аляксандр Лукашэнка. За 30 гадоў ва ўмовах самай жорсткай канкурэнцыі, не маючы ўласных нафты і газу, рэсурсаў, мы выбудавалі ўстойлівую сістэму развіцця, сталі канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку. Цяпер вакол Беларусі, як ніколі, склалася напружаная геапалітычная абстаноўка. Праходзяць замежныя ваенныя вучэнні з дэманстрацыяй сілы. У такіх умовах беларусам важна захоўваць мір і стабільнасць унутры краіны. Як бы там ні было, як гаворыць Прэзідэнт, прыйдзе час і з суседзямі давядзецца выбудоўваць нармальныя ўзаемаадносіны, а для гэтага мы заўжды адкрыты.

Удзельнікі інфармацыйных груп спыніліся і на іншых актуальных тэмах. Ведучы размову аб экстрэмізме, як пагрозе нацыянальнай бяспецы, і яго прафілактыцы ў моладзевым асяроддзі, у чарговы раз нагадалі, як не стаць “марыянеткай” у інфармацыйнай вайне. Для гэтага кожны чалавек павінен разумець, што нельга падпісвацца на забароненыя інтэрнэт-каналы. Падпіска, рэпосты публікацый з іх – заканадаўствам лічыцца садзейнічаннем экстрэмізму. Матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі, уносяцца ў рэестр “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і падтрымліваецца ў актуальным стане.

Закранулі яшчэ адну важкую праблему – супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў, адказнасці непаўналетніх за правапарушэнні і злачынствы, звязаныя з іх ужываннем і распаўсюджваннем. Было агучана, што ў вырашэнні комплексна задзейнічаны ўсе суб’екты прафілактыкі. Пакаранні ў гэтай сферы самыя сур’ёзныя: да крымінальнай адказнасці грамадзяне прыцягваюцца не толькі за выраб і збыт наркатычных і псіхатропных рэчываў, але і за іх набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку. З падрастаючым пакаленнем з самага ранняга ўзросту вядзецца шырокая прафілактычная работа, каб у будучым маладыя людзі не сапсавалі сабе ні здароўе, ні жыццё.

Не абышлі ўвагай і актуальныя ў вясновы перыяд тэмы навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях, палаў сухой расліннасці, спыніліся на бяспецы дзяцей на канікулах. На жаль, у нашым раёне ўжо зарэгістраваны выпадак гарэння сухой травы на корані, таму ратаўнікі папярэджваюць, што за падобнае парушэнне штрафы вагаюцца ад 10 да 30 базавых велічыняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: