На двары люты, значыць, вясна не за гарамі.
Больш актыўная дзейнасць з тыдня на тыдзень чакае цімураваланцёраў установаў адукацыі Дзятлаўшчыны і членаў раённага валанцёрскага клуба “Мы разам”.
Каб падрыхтавацца да карысных спраў, скаардынаваць сваю дзейнасць, стаць сапраўднай камандай, юныя валанцёры пад кіраўніцтвам каардынатара клуба, педагога-арганізатара Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірыны Мішчанка правялі анлайн-брыфінг з сімвалічнай назвай “ЗаДело!”, як у аднайменнага моладзевага праекта, скіраванага на карысныя справы для Радзімы.
– З 21 кастрычніка 2023 года праходзіць патрыятычны марафон “Што вы зрабілі для Беларусі?”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення нашага раёна, Гродзенскай вобласці, Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – нагадала ўдзельнікам анлайн-сустрэчы Ірына Мішчанка. – Марафон скіраваны на фарміраванне ў падрастаючага пакалення сацыяльнай адказнасці за лёс сваёй краіны. Аб Радзіме з юных гадоў кожны можа паклапаціцца праз добрыя справы, таму і праект “ЗаДело!” заклікае да працоўнай дзейнасці. Наперадзе восем актыўных субот, кожная з якіх будзе прысвечана асобнай тэме. Пакуль жа давайце павучымся плённа працаваць разам.
Да анлайн-брыфінгу таксама далучыліся навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава – дэпутат моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Валерыя Данільчык, члены валанцёрскіх атрадаў “Крок насустрач” Яўгенія Каляда і “Добрае Сэрца” Святлана Абухава, дырэктар Раклевіцкай базавай школы Наталля Сокал, педагог-арганізатар гэтай установы Ірына Палазнік.
Віртуальная сустрэча была багатай на трэнінгі, тэсты, матывуючыя гульні, якія дапамаглі ўдзельнікам вызначыць сваё месца ў камандзе, засвоіць правілы паважлівых узаемаадносінаў у групе, выявіць праблемныя моманты, характэрныя для ўспрыняцця сябе і іншых у калектыве, настроіцца на пазітыўнае і плённае ўзаемадзеянне.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga