Уладзімір Каранік: “Усё робіцца для камфорту і бяспекі людзей”

Галоўнае Улада

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік прадаўжае “Размовы аб галоўным” з актывам Гродзенскай вобласці.

19 лютага разам з памочнікам  Прэзідэнта – інспектарам па Гродзенскай вобласці Юрыем Караевым у Навагрудскім цэнтры культуры і народнай творчасці ён правёў дыялогавую пляцоўку для прадстаўнікоў Карэліцкага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў.

– Ні адно з пытанняў, якое хвалюе нашых грамадзян, не павінна заставацца без адказу, – агучыў сваю пазіцыю губернатар. – Аднак пачаць лепш з галоўнага: падзякі за вашу добрасумленную працу. У час нядаўняга афіцыйнага візіту ва Узбекістан Прэзідэнт Беларусі, прадстаўляючы састаў дэлегацыі нашай краіны прэзідэнту Узбекістана, сказаў, што Гродзеншчына – той рэгіён, у якога ёсць чаму павучыцца: гэта была лепшая вобласць Савецкага Саюза, такой яна застаецца цяпер. Настолькі высока нашу агульную работу ацаніў кіраўнік дзяржавы.

Прынёманню сапраўды ёсць чым ганарыцца ў плане прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, развіцця сацыяльнай сферы. За апошнія гады 17 тысяч сем’яў атрымалі новае жыллё, 11 тысяч з іх – з дзяржаўнай падтрымкай. Пабудаваны новыя школы, сады, мадэрнізуецца сістэма аховы здароўя, уводзяцца ў строй спартыўныя збудаванні, істотна павялічана фінансаванне на будаўніцтва і рамонт дарожна-транспартнай сеткі. Усё робіцца для камфорту і бяспекі людзей. Мы тая краіна, дзе можна спакойна гуляць па вуліцах, адпраўляць дзяцей у школу. Безумоўна, гэта агульныя дасягненні ўсіх нас, аднак яны былі б немагчымыя без устойлівага фінансавання, добрай напаўняльнасці бюджэту, правільнага размеркавання бюджэтных сродкаў.

Многія задаюцца пытаннем: у чым жа тут роля дэпутацкага корпусу? Мала хто з простых грамадзян задумваецца, што дэструкцыйна настроены дэпутацкі корпус можа паралізаваць работу выканаўчай улады: дастаткова не зацвердзіць праект бюджэту на наступны год, і з 1 студзеня выканаўчая ўлада не зможа фінансаваць ніякія расходы: ні адукацыю, ні ахову здароўя, ні дарожнае будаўніцтва. А для нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы правільнае размеркаванне бюджэту і падтрымка чалавека – гэта аснова дзяржаўнасці.
Прадаўжаючы актуальную тэму, Уладзімір Каранік заклікаў прысутных актыўна прыйсці на выбары, рэалізаваць сваё галоўнае грамадзянскае права – паўдзельнічаць у фарміраванні органаў улады. Асаблівасць гэтых выбараў не толькі ў змяненнях выбарчага заканадаўства і адзіным дні галасавання, але і ў тым, што з ліку новых дэпутатаў будзе сфарміравана больш за 1/3 саставу Усебеларускага народнага сходу – таго стабілізуючага органа, які закліканы абараняць Беларусь ад узрушэнняў, забяспечваць яе паступальны рух наперад, вызначыць курс і параметры развіцця нашай рэспублікі на бліжэйшыя 5 гадоў. Таму і ўвага да гэтай электаральнай кампаніі асаблівая. Наколькі актыўна і эфектыўна пройдуць выбары, настолькі паспяхова і стабільна будзе жыць і развівацца дзяржава.

Другая частка “Размовы аб галоўным” была прысвечана адказам на пытанні. Спачатку Уладзімір Каранік сам патлумачыў тыя тэмы, якія не губляюць актуальнасці ў беларускім грамадстве: расказаў пра негатыўныя наступствы падпіскі на дэструкцыйныя каналы ў інтэрнэце; звярнуўся да абноўленай Ваеннай дактрыны. Наступны блок пытанняў паступіў ад прысутных у зале. Людзей цікавіла, чаго губернатар чакае ад Года якасці, як ён адпачывае, якім чынам абласныя ўлады ўзаемадзейнічаюць з жыхарамі Прынёмання ў сацыяльных сетках, якіх падарункаў Гродзеншчыне чакаць да 80-годдзя заснавання, як будзе развівацца мясцовы спартыўны комплекс “Сялец”, ці плануюцца новыя магчымасці для маладых сем’яў па будаўніцтве жылля, ці будуць будавацца зарадныя станцыі для электрамабіляў, у тым ліку ў спальных раёнах.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Пул 4 Регион

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: