У санаторый едзем па новых правілах

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У многіх людзей рана ці позна ўзнікае неабходнасць у санаторна-курортным лячэнні іх саміх або іх блізкіх.

Прычым заканадаўства дае магчымасць атрымаць такое лячэнне бясплатна або з частковай аплатай. Але для гэтага трэба выконваць пэўныя ўмовы і працэдуры.

ЯКІМІ ДАКУМЕНТАМІ ЎСТАНОЎЛЕНЫ ЛЬГОТЫ

Асноўнымі дакументамі, якія вызначаюць сацыяльныя гарантыі па атрыманні санаторна-курортнага лячэння, з’яўляюцца Закон ад 14.06.2007 года № 239-З “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” (арт.12) і ўказ ад 28.08.2006 года № 542 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”.

З 1 студзеня 2024 года гэты ўказ і зацверджанае ім Палажэнне аб парадку накіравання насельніцтва на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне дзейнічае ў новай рэдакцыі.

Указам прадугледжана змяненне кратнасці атрымання пуцёвак у санаторыі рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва. Ветэраны працы будуць мець права карыстацца пуцёўкамі з дзяржпадтрымкай не часцей 1 разу на 3 гады, працуючыя грамадзяне – не часцей 1 разу на 4 гады. Бацькі з дзецьмі захаваюць магчымасць выязджаць сумесна з дзецьмі ў санаторыі штогод. Калі, да прыкладу, адзін з працуючых бацькоў у канкрэтным годзе наведаў санаторый з дзіцем, то адзін ён у санаторый для дарослых зможа паехаць толькі праз 4 гады. І другі прыклад. Калі дарослы наведаў санаторый па пуцёўцы з дзяржпадтрымкай у гэтым годзе, то ў наступным ён зможа паехаць толькі па пуцёўцы “маці-дзіця”.

Важнае змяненне з 2024 года закранула атрыманне пуцёўкі ў санаторыі “Маці і дзіця”. ВАЖНА! Для дарослага зараз неабходна мець заключэнне УКК, а не даведку аб патрэбнасці ў санаторна-курортным лячэнні. Гэта заключэнне неабходна атрымаць у паліклініцы па месцы жыхарства.

Што тычыцца катэгорый “інваліды І і ІІ груп”, “маці+дзіця інвалід”, ніякіх змяненняў не будзе. Як і раней дарослыя інваліды І і ІІ груп пуцёўкі будуць мець права атрымліваць не часцей 1 разу на 2 гады, дзеці інваліды – штогод. І тыя, і другія бясплатна.

Разгледзім, якія дзеянні трэба распачаць, каб атрымаць бясплатную або часткова аплачваемую за кошт бюджэту пуцёўку ў санаторый, з улікам новай рэдакцыі Палажэння.

КУДЫ ЗВЯРТАЦЦА ЗА ПУЦЁЎКАЙ

Гэта залежыць ад таго, ці з’яўляецца грамадзянін плацельшчыкам узносаў у ФСАН, ці працуе і ў якой арганізацыі, ці здабыў статус пенсіянера і іншае.

Так, пуцёўкі выдаюцца па рашэнні камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва:

— асобам, за якіх працадаўца выплачвае ўзносы ў ФСАН, іх дзецям, дзецям работнікаў, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3 гадоў, – па месцы работы;

— ваеннаслужачым, асобам начальніцкага і радавога саставу, іх дзецям, дзецям дадзеных асобаў, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, – па месцы ваеннай службы (службы);

— грамадзянам, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і навукова-арыентаваную адукацыю ў дзённай форме, іх дзецям, дзецям навучэнцаў, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3 гадоў, – па месцы вучобы.

Пры жаданні адпачыць у ведамасных санаторыях пуцёўкі выдзяляюцца камісіямі адпаведных ведамстваў.

Акрамя таго, на падставе п. 3 палажэння пуцёўкі выдаюцца па рашэнні прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва (РЦА) па месцы жыхарства грамадзяніна. Пры гэтым ёсць розныя катэгорыі грамадзян, якім структуры РЦА выдаюць пуцёўкі ў пазачарговым, першачарговым і звычайным парадку. Напрыклад, менавіта ў прадстаўніцтва РЦА па месцы жыхарства для атрымання пуцёўкі павінны звяртацца:

— непрацуючыя грамадзяне, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, якія сталі інвалідамі I і II груп з прычыны катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый;

— непрацуючыя інваліды I і II груп (за пэўным выключэннем);

— асобы, якія самастойна выплачваюць узносы ў ФСАН;

— непрацуючыя ветэраны працы;

— непрацуючыя інваліды III групы і іншыя.

ЯКІЯ ДАКУМЕНТЫ НЕАБХОДНЫ ДЛЯ АТРЫМАННЯ ПУЦЁЎКІ

Так, усе грамадзяне павінны падаць у камісію або ў прадстаўніцтва РЦА па месцы жыхарства пісьмовую заяву і даведку аб стане здароўя.

У залежнасці ад розных абставінаў спатрэбяцца і іншыя дакументы, напрыклад:

— грамадзянам, якія маюць права на бясплатнае лячэнне ў санаторыі, – копія дакумента, які пацвярджае гэта права;

— непрацуючым асобам, у якіх ёсць права атрымання пуцёўкі з частковай аплатай у залежнасці ад іх даходу, – копія працоўнай кніжкі (пры яе наяўнасці), пенсійнага пасведчання або пасведчання інваліда III групы;

— асобам, якія самастойна выплачваюць узносы ў ФСАН, – інфармацыя, якая змяшчаецца ў індывідуальным асабовым рахунку застрахаванай асобы.

ЯК ВЫДАЕЦЦА ПУЦЁЎКА

Пуцёўка выдаецца не раней чым за месяц да дня заезду ў санаторый (п.8 палажэння). Выдае яе член камісіі або спецыяліст прадстаўніцтва РЦА.

Пры гэтым атрымальнік пуцёўкі, які павінен яе часткова аплаціць, прадастаўляе дакументы аб аплаце. Калі пуцёўка аплачваецца ў памеры 15 %, прадастаўляецца толькі квітанцыя аб аплаце. А пры аплаце кошту пуцёўкі ў памерах, вызначаных у дадатку 1 да ўказа № 542 (яны залежаць ад даходу грамадзяніна і даты заезду), прад’яўляюцца 2 дакументы:

— даведка аб памеры сярэднямесячнага грашовага даходу (па кожнай крыніцы даходу) атрымальніка пуцёўкі за 12 каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу выдачы пуцёўкі;

— квітанцыя аб аплаце.

Атрымальніку пуцёўкі варта пераканацца, што яна правільна аформлена: яна павінна быць запоўнена, падпісана членам камісіі або спецыялістам прадстаўніцтва РЦА і заверана пячаткай (пры яе наяўнасці).

Звяртаем увагу, што з 1 студзеня 2024 года скараціліся тэрміны лячэння і аздараўлення, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. Так, пуцёўкі для дарослых (як працуючых, так і пенсіянераў) будуць працягласцю 15 дзён, пуцёўкі ў аддзяленне “маці і дзіця” замест 21 стануць па 18 дзён, пуцёўкі для арганізаваных груп дзяцей – 21 дзень. Што тычыцца пуцёвак на аздараўленне дзяцей у загарадных летніках, яны таксама будуць па 15 дзён замест 18.

Марына МІКЛУШ,
вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga