Пра гэта ішла размова на чарговым у нашым раёне выязным семінары-вучобе ў ААТ “Дварэц-Агра”, дзе члены мабільнай групы нагадалі работнікам патрабаванні па ахове працы і пажарнай бяспецы на вытворчасці.
На Гродзеншчыне за мінулы год, і на Дзятлаўшчыне ў прыватнасці, узрасла колькасць няшчасных выпадкаў з траўмаваннем і гібеллю людзей на працоўных месцах. Каб прысутныя на жыццёвых прыкладах упэўніліся, да чаго вядзе грэбаванне бяспекай, члены мабільнай групы прадэманстравалі відэападборку няшчасных выпадкаў на вытворчасці, сабраную Навагрудскім міжраённым аддзелам Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
З лічбамі статыстыкі прысутных азнаёміў галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі:
– У Беларусі ў 2023 годзе ў час 795 няшчасных выпадкаў на рабочым месцы загінулі 172 работнікі, 623 атрымалі цяжкія траўмы. На Гродзеншчыне адбыўся рост такіх здарэнняў з 88 да 93, загінулі 16, цяжка траўмаваны 77 чалавек. З іх у сферы сельскай гаспадаркі выпадкаў было 36, загінулых 8 і 28 цяжка траўмаваных. Аналіз гэтых сітуацый паказаў, што толькі ў 20 % віны пацярпелых не адзначалася, што сведчыць аб частым ігнараванні работнікамі патрабаванняў тэхнікі бяспекі. У гэтым плане ад кантролю з боку кіраўнікоў арганізацый і іх структурных падраздзяленняў, іх уважлівасці да паводзінаў падначаленых і своечасовага рэагавання залежыць вельмі многае.
Варта ведаць, што з 16 студзеня 2024 года ў сілу ўступілі новыя правілы ўліку і расследавання няшчасных выпадкаў, згодна з якімі на працягу 2 гадзін аб цяжкім або смяротным здарэнні на вытворчасці трэба паведаміць у Навагрудскі міжраённы аддзел Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і Следчы камітэт. За парушэнне – значны штраф.
Каб не дапусціць трагедый, мала праводзіць своечасовыя інструктажы, неабходна кантраляваць і правяраць выкананне тэхнікі бяспекі, асабліва пры правядзенні работ з карданнымі валамі, шынамантажных, разгрузачна-пагрузачных, не пакідаць адкрытымі рамонтныя ямы, каналізацыйныя калодзежы, сачыць за спраўнасцю масткоў і сістэмаў гноювыдалення на фермах. Забараняецца допуск да работы без медыцынскага агляду, у стане алкагольнага ап’янення, без сродкаў індывідуальнай абароны, адпаведных інструктажаў. Тым не менш у стане алкагольнага ап’янення ў гаспадарках раёна летась былі выяўлены больш за 30 работнікаў.
Як павінна быць арганізавана работа па ахове працы, правядзенне інструктажаў, навучанне і праверка ведаў, запаўненне журналаў, расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка, спынілася на няшчасных выпадках, якія ў 2023 годзе адбыліся на Дзятлаўшчыне і заклікала прысутных ніколі не заставацца раўнадушнымі да парушэнняў тэхнікі бяспекі.
На выяўленых у час маніторынгаў у сельгассектары раёна праблемных момантах спынілася памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык. Сярод іх – санітарнае ўтрыманне тэрыторый, кантэйнерных пляцовак, мыццё тэхнікі, парадак у санітарна-бытавых памяшканнях, гардэробных, спраўнасць вентыляцыі пры правядзенні зварачных работ, наяўнасць на аб’ектах універсальных укамплектаваных аптэчак, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны, спецвопраткі.
Вынікі сустрэчы падвёў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Адзначыў, што менавіта ад сумленных адносінаў спецыялістаў, кіраўнікоў падраздзяленняў напрамую залежыць жыццё і здароўе іх падначаленых, бо да бяды заўжды вядзе звычайная абыякаваць. Заклікаў іх часцей гаварыць з людзьмі, засцерагаць, папярэджваць, а калі неабходна, то і адхіляць ад работы. Падкрэсліў, што ў пытаннях бяспекі дробязяў не бывае, і пажадаў спакойных працоўных будняў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga