У касцёле горада Дзятлава – новы настаяцель

Важнае Грамадства

У лютым пробашчам у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Дзятлаве быў прызначаны ксёндз Андрэй Лішко.

У размове з карэспандэнтам газеты “Перамога” ён расказаў пра сябе і свой шлях служэння Богу.

– Я – хлопец з вёскі, старэйшы сын у шматдзетнай сям’і, дзе ёсць яшчэ чацвёра братоў і сястра. Нарадзіўся ў 1984 годзе на Смаргоншчыне, тата і мама ­– выпускнікі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Яшчэ ў дзяцінстве разам з сям’ёй пераехаў у аграгарадок Мікелеўшчына Мастоўскага раёна, маленькі цэнтр хрысціянства. Я ўдзячны жыхарам гэтага невялікага населенага пункта, які сёння налічвае каля двухсот жыхароў, за тое, што нават у самыя складаныя часы захавалі веру і касцёл. Нездарма з Мікелеўшчыны выйшлі 6 ксяндзоў, у тым ліку я. Таму выглядала абсалютна звычайным, што з дзяцінства пастаянна наведвалі касцёл, разам з равеснікамі быў міністрантам, звяртаў увагу на прыклад семінарыстаў, якія прыязджалі да бацькоў на канікулы. Пасля школы паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю горада Гродна. У час вучобы не пакінуў свае захапленні музыкай (уся наша сям’я музычная), быў удзельнікам семінарыйнага музычнага калектыву “Ave”, футболам – выступаў за зборную семінарыі па гэтым відзе спорту і дагэтуль захапляюся ім.

– Як склалася ваша жыццё пасля заканчэння семінарыі?

– Паўтара года я быў на практыцы на прыходзе ў аграгарадку Адэльск. За гэты час напісаў магістарскую работу па багаслоўі, абараніў яе ў 2008 годзе. Праз паўтара года прыняў рукапалажэнне ў святары і быў прызначаны служыць у прыходы Грандзічы (горад Гродна) і аграгарадок Путрышкі. Сапраўдным багаццем для мяне стала магчымасць з 2012 па 2015 гады набыць новыя веды: я атрымаў прапанову прайсці вучобу ў Польшчы і  Германіі. Пасля вяртання ў Беларусь з 2015 па 2019 год працаваў прэфектам і выкладчыкам катэхетыкі ў Гродзенскай духоўнай семінарыі, выкладаў у тэалагічным каледжы. З 2019 года па гэты час праходзіў доктарскую вучобу, цяпер у працэсе напісання навуковай работы. Аднак сёлета атрымаў паведамленне ад біскупа аб тым, што я патрэбен на Радзіме, і адразу вярнуўся. Упершыню ў сваім жыцці я стаў на чале прыходу – парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Дзятлаве, што стала вельмі значнай падзеяй у маім жыцці.

– З якім настроем прыбылі ў Дзятлава?

– З пазітывам і добрым прадчуваннем. Усяму свой час, і пераход на новую ступень стаў заканамерным крокам. Шчыра прызнаюся, дагэтуль толькі аднойчы быў у касцёле ў Дзятлаве, калі дапамагаў ксяндзу Здзіславу ўдзяляць сакрамэнт вянчання для замежных грамадзян. Калі даведаўся, што еду сюды, стаў глядзець відэастужкі пра горад і раён у інтэрнэце, чытаць інфармацыю. У першы вечар прагуляўся па цэнтры горада, ацаніў яго прыгожую архітэктуру. У нядзелю ўпершыню правёў службу ў касцёле, сустрэўся з дзятлаўчанамі – добрымі і спагадлівымі людзьмі. На Дзятлаўшчыне пачынаецца новая старонка маёй біяграфіі, буду рады паступова спазнаваць гэту мясцовасць, знаёміцца з прыхаджанамі, буду ўдзячны, калі яны стануць для мяне сям’ёй і навучаць многаму. Бо першы прыход, як першае каханне, застаецца ў сэрцы на ўсё жыццё.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga