Сёння жаданне працаваць ёсць, а заўтра?

Важнае Улада

У Вензавецкім сельвыканкаме прайшло комплекснае прафілактычнае мерапрыемства з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай і супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірыны Баравік і Святланы Латушка.

На пачатку Вольга Жэлезоўская закранула тэму электаральнай кампаніі, якая ўступае ў актыўную стадыю, нагадала, што жыхары сельскіх населеных пунктаў на выбарчых участках пры галасаванні будуць атрымліваць па чатыры бюлетэні. Паколькі сустрэча тычылася прафілактыкі, не абышла ўвагай і тэму папярэджання экстрэмісцкіх праяваў, у тым ліку ў віртуальнай прасторы, дзе сустракаюцца падобнага роду рэсурсы. Падкрэсліла, што любая актыўнасць на іх (лайкі, рэпосты, каментарыі) – гэта парушэнне дзеючага заканадаўства.

Пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку Вензавецкага сельвыканкама, якое праходзіла пад кіраўніцтвам яго старшыні Алега Шымко, на гэты раз было сумешчана з выездам пастаянна дзеючай камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва і доктара-нарколага Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Барыса Отчыка. Прысутнічалі на ім прадстаўнікі наймальнікаў – ТАА “РоданАграПол” і ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Мяркую, сустрэча са спецыялістамі будзе асабліва карыснай для беспрацоўных жыхароў, якія самастойна не могуць знайсці работу і справіцца са злоўжываннем алкаголем, – адзначыў старшыня сельвыканкама.

Са змяненнямі Закона “Па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі” прысутных азнаёміў участковы інспектар міліцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Плаўскі. Увагу аматараў моцных напояў ён засяродзіў на тым, што працэдура накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый спрошчана. Ужо пасля двух правапарушэнняў, за якія прадугледжаны штраф ці адміністрацыйны арышт, асоба, якая злоўжывае спіртнымі напоямі, атрымае афіцыйнае папярэджанне, пасля чаго чарговае правапарушэнне “запусціць” працэдуру праходжання медагляду і накіравання дакументаў у суд. Чалавек, хворы на хранічны алкагалізм, можа зарабіць сабе “пуцёўку” ўсяго за 1-2 месяцы.

Пасля тлумачэння агульных пытанняў пачаліся індывідуальныя гутаркі. Як высветлілася, “мэтавай аўдыторыяй” на гэты раз сталі менавіта беспрацоўныя жыхары сельсавета, нераўнадушныя да алкаголю, прычым “стаж” іх незанятасці ў эканоміцы вар’іраваўся ад “сціплага” да “важкага”. Такіх назбіралася 11 чалавек. Са многімі мясцовыя наймальнікі ўжо знаёмы, нават могуць зрабіць прагноз, як надоўга такі работнік затрымаецца на чарговым працоўным месцы. Тым не менш кожнаму з запрошаных былі прапанаваны канкрэтныя вакансіі і нават іх варыянты, растлумачана, калі і з якімі дакументамі прыйсці ў службу занятасці па накіраванне. Для больш надзейнай “страхоўкі” па заканчэнні размовы іх адразу ж запрашалі ў суседні кабінет – на індывідуальны прыём да доктара-нарколага.

Варта адзначыць, што працаўладкавацца, у тым ліку на вакансіі ў раённым цэнтры, пажадала пераважная большасць прыйшоўшых. Аднак з вуснаў адказных спецыялістаў прагучала рэзоннае пытанне: сёння жаданне працаваць ёсць, а заўтра? Ва ўсялякім разе, быць нанятым афіцыйна, сумленна хадзіць на работу і не дапускаць прагулаў з-за п’янак намнога лепш, чым па рашэнні суда трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый, прымусова весці цвярозы лад жыцця з пэўнымі абмежаваннямі і ўсё роўна працаваць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: