Шануем і помнім
Цімураўцы і валанцёры Дварэцкай сярэдняй школы не забываюць наводзіць парадак на воінскіх пахаваннях. Члены цімураўскага атрада 6 класа прынялі ўдзел у працоўнай акцыі “Шануем і помнім”: ачысцілі ад снегу прылеглую тэрыторыю да помніка землякам аграгарадка Дварэц, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Каб птушкі добра перазімавалі
Юныя абаронцы прыроды дашкольнага лясніцтва “БаравічОК” дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава ведаюць, як дапамагчы перажыць зіму птушкам. Яны прынялі ўдзел у экалагічнай акцыі “Дапаможам птушкам зімой. Разам з бацькамі зрабілі кармушкі, з энцыклапедыі даведаліся, чым харчуюцца птушкі, на прагулцы назіралі, якія з іх прылятаюць на ўчасткі дзіцячага сада. І з улікам гэтага падбіралі корм. Зараз кожны дзень не толькі маленькія абаронцы прыроды з дашкольнага лясніцтва, але і ўсе выхаванцы дзіцячага сада спяшаюцца пакарміць крылатых сяброў.
Папоўнілі рады БРСМ
19 навучэнцаў 9 класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы ўступілі ў рады грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Дзевяцікласнікі рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства, прымалі ўдзел у дабрачынных акцыях, творчых справах, спартыўных спаборніцтвах і працоўных дэсантах. Уступленню ў рады аб’яднання папярэднічала цырымонія развітання з піянерскім гальштукам. Уручыла білеты членаў ГА “БРСМ” першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык. Яна пажадала навучэнцам здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні, заклікала іх быць актыўнымі ўдзельнікамі моладзевых мерапрыемстваў і ініцыятываў.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga