Тэма: Якая сітуацыя на рынку працы раёна? Каму лягчэй знайсці работу?
Факт
Дзяржаўная служба занятасці Беларусі налічвае 129 цэнтраў па ўсёй краіне, дзе працуюць больш за 500 спецыялістаў.
На сайце gsz.gov.by размешчана каля 90 тысяч актуальных вакансій. Прычым служба пашырае магчымасці для тых, хто звярнуўся і развівае супрацоўніцтва з наймальнікамі.
Слова спецыяліста
Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Баравік:
– Калі аналізаваць сітуацыю ў разрэзе канкрэтна нашага раёна, то колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы Дзятлаўшчыны ў студзені-снежні 2023 года, склала 9963 чалавекі. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 лютага 2024 года – усяго 0,1 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па садзейнічанне ў працаўладкаванні па стане на 1 лютага 2024 года звярнуліся 30 грамадзян, з іх беспрацоўнымі былі 14 чалавек.У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021-2025 гады” аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі 19 грамадзянам, у тым ліку 7 беспрацоўным.
Нагадаю, што нават у час пошуку работы або навучання беспрацоўным грамадзянам нашай дзяржавай прадастаўляюцца сацыяльныя гарантыі ў выглядзе дапамогаў па беспрацоўі, па цяжарнасці і родах, на пахаванне, стыпендый, матэрыяльнай дапамогі.
Топ запатрабаваных прафесій
На 1 лютага 2024 года ў арганізацыях Дзятлаўшчыны налічвалася 504 вакансіі, у тым ліку 280 – па рабочых прафесіях.
Найбольш запатрабаваныя спецыялісты сферы аховы здароўя – дактары, медыцынскія сёстры, фельчары, а ў сельскай гаспадарцы – дактары-ветэрынары, заатэхнікі, ветэрынарныя фельчары. Сярод профільных спецыялістаў у гэты ж спіс трапілі культарганізатары.
Павышаны попыт і на рабочыя прафесіі, асабліва ў аграпрамысловым комплексе. Патрабуюцца трактарысты, электраманцёры, прадаўцы, вадзіцелі аўтамабіля, слесары-рамонтнікі.
Ёсць магчымасць
На 2024 год запланавана 8 электронных кірмашоў вакансій і 4 міні-кірмашы. Беспрацоўным грамадзянам, якія цікавяцца вакансіямі, яны дапамагаюць ужывую або праз анлайн-прастору наладзіць кантакт з наймальнікамі. Магчымасць правядзення электронных кірмашоў вакансій рэалізуецца на адзінай інфармацыйнай пляцоўцы e-vacancy.by. Тут у анлайн-рэжыме праходзяць прамыя актыўныя дыялогі наймальнікаў і саіскальнікаў, якія могуць знаходзіцца на розных адлегласцях, адразу можна прад’явіць сваё рэзюмэ, задаць пытанні.
Даведка
Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзянам, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы Дзятлаўшчыны (інваліды, тыя, хто ўпершыню шукае работу, моладзь ва ўзросце да 21 года, асобы перадпенсійнага ўзросту, грамадзяне, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі), рашэннем райвыканкама на 2024 год устаноўлена бронь для прыёму на работу для 277 прадстаўнікоў такіх катэгорый.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga