Новы школьны праект, або Што такое адкрытая субота?

Важнае Грамадства

Эфектыўная занятасць вучняў у суботні дзень – неад’емны складальнік адукацыйнага працэсу.

Як з гэтай задачай спраўляюцца на Дзятлаўшчыне, што новае і цікавае чакае школьнікаў у бліжэйшы час, расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч.

– Алена Мікалаеўна, чаму шосты школьны дзень можна назваць “дадатковым рэсурсам” для педагогаў?

– Арганізаваная ў суботні дзень школьная дзейнасць павялічвае прастору, у якой дзеці могуць развіваць сваю актыўнасць і дэманстраваць якасці, раскрыццё якіх мала магчымае ў звычайны навучальны дзень. Не менш важна ўключаць у шосты школьны дзень бацькоў, бо яны таксама з’яўляюцца непасрэднымі актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

– Як на Дзятлаўшчыне праходзяць школьныя суботы?

– З ініцыятывы аддзела адукацыі райвыканкама, для ўдасканалення работы ў шосты школьны дзень, павышэння яго выхаваўчага патэнцыялу, абнаўлення зместу, аптымізацыі формаў і метадаў выхавання, з улікам найноўшых дасягненняў, а таксама для прэзентацыі і абмену станоўчым вопытам дзейнасці паміж установамі адукацыі распрацаваны новы праект.

З лютага па май 2024 года ў рамках рэалізацыі раённага праекта “Суботняя карусель, або колькі субот – столькі і праектаў” будуць праводзіцца адкрытыя суботы. А 18 мая на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пройдзе выніковае раённае мерапрыемства “Фестываль музеяў”, дзе свае напрацоўкі прадставяць усе ўстановы адукацыі.

Праект ужо стартаваў у гімназіі № 1 горада Дзятлава, дзе 10 лютага адбыўся сапраўдны “марафон” мерапрыемстваў шостага школьнага дня. Яго ўдзельнікі наведалі адкрытыя факультатыўныя і стымулюючыя заняткі, аб’яднанне па інтарэсах “Ансамбль барабаншчыкаў”, разам з дзецьмі зладзілі спартакіяду “Здаровы я – здаровая сям’я”, пабывалі на паседжанні клуба для бацькоў “Мы разам”.

Паколькі сёлета наша краіна святкуе важкую гістарычную дату, то неабходна адзначыць, што ў шосты школьны дзень з нагоды 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усе школы Дзятлаўшчыны актыўна ўключыліся ў раённы патрыятычны марафон “Успомнім усіх пайменна, успомнім сэрцам сваім” патрыятычнага чэленджа “Памяць пакаленняў. 80 дзякуй”. У рамках яго ажыццяўляецца запіс відэаролікаў з выкананнем песень, чытаннем вершаў, апавяданняў, гісторый на ваенную тэматыку прадстаўнікамі розных пакаленняў. Гэта робяць дзеці, дарослыя, моладзь, пажылыя людзі. Увесь кантэнт публікуецца ў акаўнтах сацыяльных сетак з хэштэгам “#Памяць пакаленняў”.

У межах правядзення месячніка адукацыйнага турызму і рэалізацыі раённага праекта “Школьны музей: ствараем гісторыю разам!” арганізаваны штодзённыя ўзаеманаведванні школьных музеяў, правядзенне экскурсій з турыстычным інфармацыйным цэнтрам па маршруце “Дзятлаўшчына гераічная”.

– Алена Мікалаеўна, чым карысная ўся гэта работа?

– Мы стараемся, каб у шосты дзень навучэнцы маглі прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, скіраваных на ўмацаванне іх фізічнага, псіхалагічнага, маральнага здароўя, прадоўжылі развівацца інтэлектуальна, папоўнілі сваю базу ведаў новымі навуковымі фактамі, а таксама атрымалі станоўчы эмацыйны зарад.

Упэўнена, што адкрытыя суботы стануць добрай традыцыяй установаў адукацыі нашага горада і Дзятлаўшчыны ў цэлым.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да бацькоў навучэнцаў. Паважаныя дарослыя, вы з’яўляецеся актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. А таму запрашаем і вас у шосты школьны дзень разам з дзецьмі да карыснай сумеснай дзейнасці праз удзел у экскурсіях і турыстычных падарожжах па родным горадзе і раёне.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga