Махляры: як нас падманваюць

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Камп’ютарныя тэхналогіі і мабільная сувязь моцна спрасцілі жыццё людзей, але зрабілі ўсіх нас уразлівымі да махлярства ў віртуальнай прасторы.

Разгледзім найбольш папулярныя схемы, якія ажыццяўляюць інтэрнэт- і тэлефонныя махляры.

Сваяк здзейсніў ДТЗ

Напрыклад, пажылому чалавеку тэлефануе незнаёмы і, прадстаўляючыся сынам, дачкой, унукам, заяўляе: “Я трапіў у ДТЗ! Мне тэрмінова патрэбна дапамога!”. На вашы сумненні пра непадобны голас адказваюць, што “пацярпелы” пашкодзіў губу, выбіў зубы, называюць іншыя прычыны, загаворваюць, не пакідаюць шанцаў на разумныя дзеянні. Пасля чаго “сваяк” перадае трубку нібыта супрацоўніку праваахоўных органаў, які вядзе далейшую размову і выманьвае грошы, даючы зразумець, што сітуацыя крытычная. Пажылы чалавек на эмоцыях згаджаецца на ўсе ўмовы. Пасля размовы па тэлефоне да яго прыязджае кур’ер і забірае грошы. Часта ашуканцы прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі або следчымі. Кажуць, што блізкі сваяк, сын ці дачка, здзейснілі аварыю і збілі чалавека, ваша банкаўская картка або нумар тэлефона заўважаны ў незаконных дзеяннях. І каб пазбегнуць адказнасці, неабходна заплаціць грошы або перавесці іх на бяспечны рахунак. Зламыснікі – выдатныя псіхолагі, і пацярпелы, як правіла, прыходзіць у сябе толькі тады, калі бачыць нулявы баланс.

Перадаплата

Зламыснікі размяшчаюць аб’явы аб продажы тавараў па нізкіх коштах, але для іх атрымання (нібыта з дапамогай паштовай перасылкі або службы дастаўкі) патрабуецца пералік перадаплаты або задатку на названую банкаўскую картку, электронны кашалёк. Зразумела, пасля пералічэння чаканы тавар так і не паступае, а “прадавец” перастае выходзіць на сувязь. Падобная схема дзейнічае на ўсіх парталах куплі-продажу тыпу “Куфар.бай”. Як правіла, на вашу аб’яву першымі адклікаюцца махляры, адразу хочуць купіць тавар, па які нібыта прыедзе кур’ер, але грошы пералічаць ужо цяпер праз сайт банка або пошты, спасылку на які вам ахвотна прадастаўляюць. Варта перайсці па такой спасылцы, увесці там даныя карткі – і можаце развітацца з яе рахункам.

Шантаж і вымагальніцтва

У некаторых выпадках махляры могуць пагражаць абнародаваннем кампраметуючых звестак з мэтай вымагальніцтва.

Персанальныя даныя і файлы, не прызначаныя для публічнага прагляду, зламыснікі атрымліваюць на вашых старонках у сацыяльных сетках, перапісцы, электронных паштовых скрынях і воблачных акаўнтах, завалодваюць інфармацыяй.  За маўчанне патрабуюць розныя грашовыя сумы і пагражаюць у выпадку адмовы распаўсюдзіць іх у інтэрнэце.

Анлайн-гульні

Каштоўнасць для злачынцаў уяўляюць акаўнты карыстальнікаў, да якіх нярэдка прывязаны рэквізіты банкаўскай карткі для пакупкі гульнявых бонусаў, калекцыйных прадметаў, якія гульцы набываюць за рэальныя грошы.

Як засцерагчы сябе?

Ніколі, нікому і ні пры якіх абставінах не паведамляйце рэквізіты сваіх банкаўскіх рахункаў і банкаўскіх картак, лагін і пароль да інтэрнэт-банкінга, пашпартныя даныя, кодавае слова (лічбавы код) з SMS-паведамленняў, у тым ліку асобам, якія прадставіліся супрацоўнікамі банка або праваахоўных органаў;

— калі паступае званок з незнаёмага нумара ад быццам бы супрацоўніка банка, следчага, пацярпелага сваяка або іншай асобы, якая спрабуе аказваць ціск на вас, даведацца рэквізіты рахунку або банкаўскай карткі, адразу кладзіце трубку, не чакаючы, пакуль псіхолагі “націснуць” на вас. Усе пытанні з банкам, міліцыяй і іншымі адказнымі службамі варта вырашаць не па тэлефоне, а асабіста. Помніце: супрацоўнікі банкаў і праваахоўных органаў ніколі не выкарыстоўваюць для сувязі з кліентамі мэсанджары (“Viber”, “Telegram”, “WhatsApp”);

— у сетцы Інтэрнэт старайцеся разлічвацца другой банкаўскай аплатнай карткай, не прывязанай да асноўнага банкаўскага рахунку, загадзя папаўняючы яе на неабходную суму;

— калі ў сацыяльных сетках асобы з катэгорыі “сябры” звяртаюцца з просьбамі аб прадастаўленні рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак або пазычыць грошы, ні ў якім разе не рабіце гэтага. Нярэдка такія просьбы рассылаюцца ад імя сяброў злачынцамі, якія атрымалі доступ да перапіскі. Звяжыцеся з гэтым чалавекам па тэлефоне, сустрэньцеся асабіста і ўдакладніце, ці сапраўды яму патрэбна дапамога.

Будзьце ўважлівымі і асцярожнымі, не давярайце свае даныя незнаёмцам і пераправярайце інфармацыю. Так вы змяншаеце свае шанцы стаць ахвярай махляроў.

Сяргей ЮШКЕВІЧ,
старшы інспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga