ГрадусПлюс. Сыр з “невысакароднай” цвіллю

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ні для каго не сакрэт, што прадукты ў Беларусі – вышэйшы клас.

Таму, мабыць, многія з нас прывыклі адразу браць харчовыя тавары з паліцы, не чытаючы этыкетку.

А дарма… Тое, што якасна выпускаюць айчынныя вытворцы, могуць запраста сапсаваць у магазіне, парушаючы нормы і тэрміны захоўвання. На гэту тэму ёсць жыццёвая гісторыя, якую мне нядаўна расказала знаёмая. Харчовыя магазіны яны звычайна наведваюць усёй сям’ёй, разам з пяцігадовай дачкой. Па сямейнай традыцыі дзіцячыя сасіскі ў краме юная пакупніца выбірае сама (у адным з магазінаў райцэнтра тыя зручна размяшчаюцца на ніжняй паліцы адкрытага халадзільніка) і кладзе ў прадуктовы кошык, каб потым бацькі аплацілі на касе.

– Гэтым разам дзеля цікаўнасці вырашыла праверыць тэрмін прыдатнасці сасісак, якія будзем набываць, і ледзь не абамлела – пратэрміноўка на цэлы месяц! – эмацыйна расказвае матуля. – Гэта ж мясная прадукцыя, якая магла выклікаць у далікатным дзіцячым арганізме ўсё што заўгодна – ад лёгкага атручання да самага горшага зыходу. Зніякавела, падумаўшы, што магла не праверыць і нашкодзіць уласнаму дзіцяці.

Як кажуць, давярай, ды правярай. Жанчына не стала сварыцца з адміністрацыяй магазіна, але звярнулася “куды трэба” (у санітарную службу раёна).

Натхнёная гэтай гісторыяй, я вырашыла таксама тэрміны на прадуктах заўжды правяраць. Але і гэтага не спатрэбілася, калі прыйшла ў прадуктовы магазін выбраць сыр у слайсернай нарэзцы. Ён аказаўся з цвіллю, але не з блакітнай высакароднай, як “Дорблю”, а звычайнай непрыгожай. Самае дзіўнае, што тэрмін прыдатнасці яшчэ 2 месяцы дзейнічае, а ўжываць прадукт у ежу ўжо немагчыма.

На жаль, такая сітуацыя ў гандлёвай сетцы Дзятлаўшчыны нярэдкая, як адзначае галоўны санітарны доктар раёна Алена Шайбак:

– У перыяд з 22 студзеня па 5 лютага работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі наглядавыя мерапрыемствы ў трох магазінах Дзятлаўскага раёна, ва ўсіх гандлёвых аб’ектах выяўлены шэраг парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, у тым ліку канфіскавана 27 кг недабраякаснай прадукцыі – садавіна, агародніна, рыбныя, малочныя, хлебабулачныя вырабы. Мы прадоўжым сачыць за сітуацыяй, аднак заклікаем дзятлаўчан, набываючы прадукты харчавання, звяртаць увагу на якасць і тэрміны прыдатнасці, каб выпадкова не нашкодзіць свайму здароўю.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga