Сышоў снег, і зноў набыла актуальнасць праблема засмечвання вуліц горада і земляў раёна.
Пацвярджэннем таму – паведамленне, якое прыйшло ў чат-бот газеты “Перамога”.
Дзятлаўчанка даслала некалькі фотаздымкаў і эмацыянальнае пісьмо, дзе прасіла паўшчуваць людзей, якія не маюць нічога святога: параскідвалі смецце па-за вуліцы Някрасава, праз якую ідзе дарога на гарадскія могілкі. Засмечанасць на ўзбочыне асабліва кідаецца ў вочы не тым, хто едзе на машыне, а ідзе пешшу.
Каб высветліць сітуацыю, наведваем вуліцу Някрасава, дзе адразу ж з уваходу па правым баку на дрэве вісіць паржавелая ад часу таблічка з надпісам: “Людзі! Будзьце ласкавыя, не кідайце смецце”. І роўна пад ёю – смецце: у асартыменце пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, цэлафан і нават пачак ад кантрацэптываў. Такая ж сітуацыя назіраецца крыху далей уздоўж вуліцы і нават на чужых падворках, дзе, магчыма, ніхто не жыве, але парушальнікі парадку скарыстоўваюць іх як сметнікі.
Па ўсім відаць, што сітуацыя даўняя і набалелая не толькі ў аўтараў таблічкі, мясцовых жыхароў, але нават камунальных службаў. Аб тым, што камунальнікі тут прыбіраюць, сведчыць чысты кантэйнер для бытавых адходаў, размешчаны побач з рытуальнай майстэрняй. Упэўнена, што гаспадары ўстановы не забароняцьць прахожым выкінуць паперку ці бутэльку туды. Але ж для гэтага трэба прайсці лішнія 30 метраў… прасцей пад ногі.
Можна было б усміхнуцца з гэтай сітуацыі, калі б усё не было так сумна. Атрымліваецца: не тое што дарога на работу, а нават шлях да сакральнага месца вечнага спачыну дзятлаўчан засцелены адходамі чалавечай жыццядзейнасці.
Начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі папярэджвае тых, хто любіць раскідваць смецце не па прызначэнні і тлумачыць, што можа чакаць парушальнікаў закона:
– За раскідванне смецця там, дзе яго быць не павінна, вам не проста пагразяць пальцам, а могуць пакараць згодна з артыкулам “аб абыходжанні з адходамі” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. З 1 студзеня за выкідванне смецця не ў скрыні, кантэйнеры і іншыя месцы часовага захоўвання адходаў вам можа пагражаць штраф да 1200 рублёў; за забруджванне смеццем лесу іншай хмызняковай расліннасці – да 400 рублёў. Замест пакарання грамадзяніну могуць вынесці пісьмовае папярэджанне, калі на працягу года да правапарушэння яго за гэта не каралі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga