У Гродне адбылася выніковая калегія ўпраўлення спорту і турызму, падведзены вынікі работы за мінулы год, уручаны ўзнагароды.
За значны ўклад у развіццё турызму ў 2023 годзе сярод трох лепшых адзначаны Дзятлаўскі раён.
Як удалося выйсці ў лідары Прынёмання, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:
– У аснове выніку – зладжаная работа калектыву аднадумцаў, якія “рухалі” наперад раённы турызм, пачынаючы з ідэй і іх увасаблення, прадаўжаючы карпатлівай інфармацыйнай, маркетынгавай работай па папулярызацыі маршрутаў і паслугаў. Сярод самых вядомых выставаў, якія паспрыялі шырокай рэкламе нашага турыстычнага прадукта, – “Адпачынак-2023” і Рэспубліканскі прафсаюзны турыстычны форум у Мінску, “Славянскі базар” у Віцебску. Складальнікам поспеху лічу і тое, што калектыў знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, займаецца пытаннямі самаадукацыі, вывучэння перадавога вопыту, імкнецца адшукаць навінкі і цікавінкі, якія ёсць толькі на Дзятлаўшчыне. Прыкладам з’яўляюцца ўжо вядомыя нашы турыстычныя маршруты, паслугі, зборныя праграмы на любы запыт турыстаў, з’яўленне новых старонак у інтэрнэце, а са снежня мы ёсць у TikTok.
Важкае дасягненне-2023 – адкрыццё 1 жніўня турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, які зрабіў нашу работу больш сістэмнай, комплекснай, стабільнай. Сярод галоўных мінулагодніх дасягненняў і атэстацыя аўдыёгіда “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, бо падобны “прадукт” у рэспубліцы могуць прапанаваць усяго 4 раёны, і Дзятлаўскі сярод іх. Нельга не адзначыць распрацоўку і выданне больш за тры з паловай тысячы экзэмпляраў паліграфічнай прадукцыі, сярод якіх квэстбук-размалёўка для дзяцей, якая ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе на выставе “Адпачынак-2023”.
За высокія вынікі ўдзячнасць выказваю ўсім, хто быў і застаецца ў нашай камандзе, бо гэта не толькі сектар спорту і турызму і турыстычны інфармацыйны цэнтр, а яшчэ і аддзелы адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, Новаяльнянская і гарадскія школы, Дварэцкі і Новаяльнянскі дамы культуры, Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскі фізкультурна-спартыўны клуб, нашы санаторыі, якія ў цэлым утрымліваюць лідзіруючыя пазіцыі сярод санаторна-аздараўленчых арганізацый Рэспублікі Беларусь. Спадзяёмся, супрацоўніцтва і надалей будзе мацнець, павялічыцца колькасць аднадумцаў, з’явяцца новыя цікавыя ідэі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga