Дзелавы панядзелак. На нарадзе: першы тэхагляд і кантроль за вартаўнікамі

Важнае Улада

Тэмы студзеньскіх поспехаў і прабелаў, будаўнічых планаў, садзейнічання занятасці дзятлаўчан і іншыя абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Полымя не пакіне шанцу

Нарада пачалася з пытанняў бяспекі. На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне адбыліся тры пажары. У аграгарадку Раготна згарэў гараж разам з аўтамабілем з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры правядзенні зварачных і агнявых работ. Гарачыя вуглі, якія клапатлівыя гаспадары вынеслі з печы і высыпалі побач з пабудовамі, “спалілі” хлеў у Сачыўлянах і жылы дом у Наваельні.

Дарэчы, у студзені ў Гродзенскай вобласці адбылося 65 пажараў, больш за трэць з іх з-за парушэнняў эксплуатацыі печаў і электраабсталявання, значна менш было ўзгаранняў ад “традыцыйнай” непатушанай цыгарэты. Загінула ж на пажарах 12 чалавек (адзін у Дзятлаўскім раёне), з якіх 8 – якраз ад дрэннай звычкі курыць у ложку.

– Так ці інакш, агонь, над якім чалавек страчвае ўладу, прывядзе да трагедыі. І не важна да якой: матэрыяльнай, маральнай, фізічнай – перажыць будзе складана. Уберагчы – гэта галоўнае, – адзначыў Андрэй Садоўскі і нацэліў усе адказныя службы не зніжаць аб’ёмы прафілактычнай работы ў раёне.

Прыбытковыя надоі

У сельскай гаспадарцы прадаўжаецца рамонт тэхнікі. На бягучым тыдні ў дзятлаўскіх гаспадарках пройдуць першыя тэхнічныя агляды. “Стартуе” ААТ “Дварэц-Агра”.

– Памятайце, што працэнт гатоўнасці транспартных сродкаў, якія будуць задзейнічаны ў веснавых палявых работах, вызначаецца не завяршэннем рамонтных работ, а менавіта праходжаннем тэхнічнага агляду, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч, звяртаючыся да кіраўнікоў гаспадарак.

Таксама ён даў заўвагі некаторым прадпрыемствам галіны па неактыўным назапашванні ўгнаенняў (ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”). На асаблівы кантроль вынесена пытанне забяспечанасці гаспадарак насеннем эліты.

Увогуле студзень склаўся па-рознаму ў аграпрамысловым комплексе раёна. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы зменшылася, негатыўная тэндэнцыя найбольш праявілася ў СГФ “АграМілк”. Пры гэтым, аб’ёмы вытворчасці малака ўзраслі, лідар – КСУП “Хвінявічы”, дзе надаілі 671 кг малака на адну карову. Што датычыцца свінагадоўлі, якой займаецца ААТ “Граніт-Агра”, тут пакуль застаецца шмат нявырашаных праблем.

Каб адчувалі адказнасць

У чарговы раз на нарадзе было ўзнята пытанне аб графіках праверак вартавой аховы на аб’ектах сельскай гаспадаркі. З мэтай папярэджання крадзяжоў з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу праваахоўнікі ажыццяўляюць рэйды, падчас якіх выяўляюцца розныя парушэнні ў арганізацыі захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў: вартаўнікі знаходзяцца на працоўных месцах у нецвярозым стане або наогул адсутнічаюць, тэрыторыі слаба асветлены, дрэнна ўмацаваныя, адсутнічае агароджа.

– Міліцыя – не адзіны кантралюючы орган у дадзенай сітуацыі. У гаспадарках павінны быць распрацаваны і зацверджаны графікі праверак нясення службы вартаўнікамі ў начны час сіламі спецыялістаў. Але, як паказвае практыка, яны, калі і ёсць, то не заўсёды выконваюцца. А праверкі часта праводзяцца фармальна. Навядзіце парадак, – агучыў заўвагу старшыня райвыканкама.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: