Грамадзянам, якія самі не могуць прыйсці прагаласаваць, выбарчая камісія дае гэта права дома.
Разам з членамі выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 9 (размешчаны ў гімназіі №1 горада Дзятлава) мы накіраваліся да людзей, якія пакінулі заяўкі для галасавання па месцы свайго жыхарства.
Гэта пераважна людзі пажылога ўзросту, фізічна аслабленыя асобы, якія з-за розных абставінаў самастойна не змаглі дабрацца да выбарчага ўчастка.
Яны з удзячнасцю сустракалі членаў камісіі, дзякавалі ім за магчымасць рэалізаваць сваё грамадзянскае права і не застацца ў баку ад палітычнага жыцця краіны.
– Аддаючы голас за дастойных кандыдатаў, – расказала дзятлаўчанка Валянціна Берднікава. – Я галасую за мір, за чыстае неба над галавой, каб мы былі багатымі, любілі сваю Беларусь, якую сама люблю ўсім сэрцам. Жадаю, каб выбраныя людзі падтрымлівалі нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, якога вельмі паважаю. Адзіная мая мара – дажыць да 2025 года, калі будуць прэзідэнцкія выбары, каб прагаласаваць, калі ён будзе выстаўляць сваю кандыдатуру, за Аляксандра Рыгоравіча.
– На працягу жыцця заўсёды ўдзельнічаў у выбарах, – адзначыў Аляксандр Дораш. – Не хацеў прапусціць іх і на гэты раз. Аддаючы свой голас за кандыдатаў, галоўную ўвагу я звяртаў на стаж іх работы. Сам я 27 гадоў адпрацаваў на адным месцы ў “райсаюзе”, а ўсяго мой працоўны стаж – 34 гады. Спадзяюся, будучыя дэпутаты пастараюцца зрабіць усё, каб мы жылі камфортна, у дастатку. Абавязкова чакаю, што яны будуць ведаць праблемы сваіх выбаршчыкаў і старацца іх вырашаць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga