На ўчастку для галасавання № 15, які размешчаны ў будынку Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта, выбаршчыкаў гасцінна сустракаюць назіральнікі і члены выбарчай камісіі. Датэрмінова прагаласаваць на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў прыйшоў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вадзім Бялятка.
– Прагаласаваць датэрмінова – добрая магчымасць, асабліва для тых, хто 25 лютага ў адзіны дзень галасавання будзе задзейнічаны ў рабочым працэсе ці іншых справах. Таму сёння ў спакойным рэжыме выканаў грамадзянскі абавязак. Лічу, што ўсе, хто неабыякавы да лёсу сваёй краіны, хто хоча для яе развіцця і росквіту, а для сваіх дзяцей шчаслівай будучыні, павінен асабіста прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць, – адзначае Вадзім Аляксандравіч. – Я мясцовы жыхар, зусім нядаўна яшчэ быў старшынёй гэтага сельвыканкама, таму, зразумела, што я добра ведаю кандыдатаў гэтай электаральнай кампаніі. Упэўнены, што ўсе яны сапраўдныя патрыёты роднай зямлі, будуць добрасумленна працаваць на карысць нашага грамадства.
– На нашым участку ўсё спакойна, камісія працуе без парушэнняў, — расказваюць назіральнікі ад грамадскіх аб’яднанняў Людміла Антончык і Аляксандр Скарабагатаў. – Людзі прыходзяць у добрым настроі, многія ідуць цэлымі сем’ямі, з сябрамі, суседзямі, калегамі.
Дарэчы, на ўчастку для галасавання ў Казлоўшчыне чакаюць больш за 2300 чалавек – гэта адзін з самых вялікіх на Дзятлаўшчыне ўчасткаў па колькасці выбаршчыкаў. Як падкрэсліў старшыня камісіі Ігар Ціхан, сёння, у другі дзень датэрміновага галасавання, яўка высокая. Чакаюць тут і моладзь, якая будзе галасаваць упершыню, такіх зарэгістравана на ўчастку 14 чалавек. Для маладых выбаршчыкаў падрыхтавалі падарункі – ім уручаюць мініяцюрныя выданні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga