Адзіны дзень галасавання. Новаяльнянцы выбіраюць сем’ямі

Важнае Грамадства

На Першамайскім участку № 16 для галасавання ў асноўны дзень назіраецца актыўная яўка выбаршчыкаў.

Новаяльнянцы прыходзяць, каб зрабіць важны для краіны выбар разам са сваімі сем’ямі.

Маладыя бацькі Крысціна і Аляксандр Бакей наведалі выбарчы ўчастак разам з дзецьмі Аляксандрам і Сафіяй.

– У выбарах удзельнічаем пастаянна, бо мы грамадзяне сваёй краіны і гэта наш абавязак, – адзначыла Крысціна Леанідаўна. – Дзеці – таксама падрастаючыя грамадзяне Беларусі, якім у хуткім часе належыць выбіраць курс яе развіцця. Таму з нюансамі электаральнай кампаніі знаёмім іх ужо цяпер. Няхай бачаць выбарчую актыўнасць старэйшых як добры прыклад адказных адносінаў да жыцця роднай краіны.

У гэты дзень на выбарчы ўчастак прыйшла ў поўным саставе сям’я Міклаш – віцэ-чэмпіёны рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2023”.

Тата Юрый Міклаш расказаў пра адну з важных сямейных традыцый:

– Выбары дэпутатаў – важная для нас і ўсіх беларусаў падзея, таму наведваем участак разам. Матуля Алена Міклаш ужо прагаласавала датэрмінова ў Дзятлаве па месцы прапіскі, я аддам свой голас сёння. Не за гарамі дзень, калі нашы любімыя дачушкі Ксенія, Аляксандра і Алеся дасягнуць электаральнага ўзросту, таму ім будзе цікавым і карысным паглядзець на працэс выбараў. Знаходзячыся тут разам са сваёй сям’ёй, адчуваю адказнасць перад імі і ўсёй краінай: буду рабіць выбар для іх росквіту і дабрабыту. Аддаю голас за тых, каму давяраю нашу будучыню. Спадзяюся, дэпутаты не падвядуць, будуць актыўна ўдзельнічаць у жыцці роднай Наваельні і ўсяго нашага раёна.

Дзмітрый Чапялоў у Наваельні па месцы рэгістрацыі галасуе сам, а падтрымаць яго прыйшла ўся сям’я – жонка Вольга, сыны Радзівон, Іван і Сцяпан.

– У нас вялікая сям’я, заўжды і паўсюль стараемся быць разам, на выбары таксама прыйшлі ўсе, – расказаў ён. – Удзел у галасаванні – гэта наш грамадзянскі абавязак, а яшчэ магчымасць паказаць добры прыклад падрастаючаму пакаленню. Настрой ва ўсіх бадзёры, дзецям вельмі падабаецца: тут ім падарылі дзяржаўныя сцяжкі і пачаставалі цукеркамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: