З пачатку датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя Саветы дэпутатаў да аховы правапарадку на выбарчых участках далучыліся дружыннікі.
Старшы інспектар АУС райвыканкама Сяргей Юшкевіч праінспектаваў работу па ахове правапарадку і правёў інструктажы на месцах.
– У Дзятлаўскім раёне дзейнічаюць 11 добраахвотных дружын агульнай колькасцю 57 чалавек, якія на пастаяннай аснове аказваюць дапамогу міліцыі ў ахове грамадскага парадку, – адзначыў ён. – У час правядзення выбараў яны разам з супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў нясуць дзяжурства на выбарчых участках, у райцэнтры на чатырох аб’ектах.
На тэрыторыі выбарчага ўчастка № 10 у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава дзяжураць дружыннікі Аляксандр Гліністы і Вячаслаў Капралаў.
– Наша першачарговая задача – патруляваць тэрыторыю, прылеглую да выбарчага ўчастка, звяртаць увагу на падазроныя прадметы, людзей, быць на сувязі з дзяжурнымі міліцыянерамі, – расказаў Вячаслаў Мікалаевіч. – Пастаянна праходзім інструктажы, як трэба дзейнічаць у розных сітуацыях.
Дружыннік Дзмітрый Гульнік дзяжурыць на ўчастку для галасавання № 8 на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава разам са сваім калегам Аляксандрам Парфяновічам.
– Ахова правапарадку не новая для мяне: у добраахвотнай дружыне з 2021 года. Звычайна мы патрулюем вуліцы горада, дапамагаем міліцыі ў ахове правапарадку, а на выбарах працую ўпершыню. Дзяжурства нясём пасля рабочага дня з 17.30 да 20.30 на працягу ўсяго перыяду галасавання з 20 па 25 лютага. У мінулыя дзве змены абстаноўка была спакойная, без інцыдэнтаў, спадзяюся, так застанецца і надалей.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga