Да пачатку датэрміновага галасавання застаюцца лічаныя дні.
З нагоды значнай палітычнай падзеі на Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы кіраўніцтва раёна і дэпутацкага корпусу з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства.
Людзям тлумачаць асаблівасці электаральнай кампаніі 2024 года, расказваюць аб мінулагодніх выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, спыняюцца на іншых актуальных пытаннях.
Чарговая з сустрэч адбылася з калектывам Раклевіцкай базавай школы.
– Электаральная кампанія-2024 стане самай буйной за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык. – Належыць выбраць дэпутатаў адразу ўсіх узроўняў – у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовыя Саветы. Жыхары райцэнтра на выбарчых участках для галасавання атрымаюць тры бюлетэні: адзін – для выбару прадстаўніка ў ніжнюю Палату парламента, другі – для выбару дэпутата ў Гродзенскі абласны Савет, трэці – дэпутата Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў. Вяскоўцы запоўняць чатыры бюлетэні. Ім неабходна выбраць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, абласны, раённы і сельскі Саветы дэпутатаў.
– Удзел у палітычным жыцці сваёй дзяржавы праз выбары – гэта абавязак і пачэснае права кожнага грамадзяніна, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Сёлета хтосьці ўпершыню прыйдзе на выбарчы ўчастак, а ў кагосьці за плячыма ўжо ёсць вопыт. Аднак адзіны дзень галасавання аднолькава важны для ўсіх грамадзян. Галоўная задача беларусаў – прыняць удзел у далейшым паспяховым і стваральным развіцці нашай краіны шляхам выбару дастойных народных прадстаўнікоў – дэпутатаў.
Спыніўся Аляксандр Станіслававіч і на дасягненнях і развіцці нашага раёна ў 2023 годзе.
Аб адказнасці за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў расказаў намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч. Ён падкрэсліў, што да падобных парушэнняў адносяцца не толькі рэальныя замахі на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, бяспеку дзяржавы, але і падобныя супрацьпраўныя паводзіны ў інтэрнэце і нават лайкі, рэпосты і каментарыі на каналах, афіцыйна аднесеных да экстрэмісцкіх.
На пазітыўны лад прысутных настроіла і расказала ім, дзе можна адпачыць у вольны час, спецыяліст па турызме турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Бойка. Яна адзначыла, што пастановай Міністэрства спорту і турызму ад 7 жніўня 2023 года ўведзена адзіная класіфікацыя відаў турызму – усяго іх 13. Нацыянальнае агенцтва па турызме кожнаму з іх вырашыла прысвяціць асобны месяц года. Люты праходзіць пад знакам лячэбна-аздараўленчага і медыцынскага турызму. У рамках месячніка спецыялісты папулярызуюць самыя вядомыя здраўніцы, лячэбна-аздараўленчыя цэнтры, іх паслугі. Такі спіс Алена Мечыславаўна перадала дырэктару ўстановы Наталлі Сокал, каб пры жаданні ім маглі скарыстацца члены калектыву. Расказала і аб рабоце турыстычнага цэнтра, яго прапановах, маршрутах, самых папулярных у дзятлаўчан месцах і відах адпачынку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga