Вясна… Больш за іншыя поры года я люблю вясну.
І гэта не дзіўна. Вясна дорыць мне пачуццё радасці, будучых змен, адмысловы вясновы настрой. Першыя промні сонца кажуць, што прайшла доўгая і цяжкая зіма, не будзе больш маразоў і снежных заносаў. А якая асалода слухаць хор вясновай кроплі, гэтую дзіўную і ні з чым не параўнальную музыку, створаную прыродай. Слухаць і радавацца, што ты жывеш у мірнай краіне. Ты можаш вучыцца, сябраваць, захапляцца, радавацца і проста жыць.
Вясна 1945 года… Якая яна была, тая вясна? Пра яе маёй матулі расказваў яе прадзед, які прайшоў вайну: “Вайна доўжыцца ўжо чатыры гады. Ні ў паветры, ні на вадзе, ні на зямлі – нідзе нельга знайсці куток без болю, пакут і стогнаў. Знямоглая матухна-зямля стогне, губляючы сваіх дзяцей. Час вайны – самы страшны час, год вайны можна прыраўняць да дзесяцігоддзя мірнага жыцця. Раны не гояцца ні цялесныя, ні душэўныя. Перамога!!!! Ведаеш, унучачка, чаму мы перамаглі? У гэтай вайне народ стаў у поўны рост, не ведалі яшчэ людзі такога гераізму”. У маёй матулі ёсць кніжачка, у якой напісаны словы прадзядулі: “ Як жа важна, каб сярод гэтай вайны ніхто не згубіўся, нішто не згубілася. Каб не толькі мы, удзельнікі вайны, але і дзеці, унукі, праўнукі нашы ведалі, як народ абараняў Радзіму”.
Вясна 1945 года… Пра яе мне расказвала Надзея Якаўлеўна Шуляк. Жывая сведка болю, глуменняў і здзекаў немцаў. Яна не любіць успамінаць пра вайну, пра жудасць палону, пра тое, што была малалетнім вязнем. Але калі я пачынаю скардзіцца на жыццё, то заўсёды кажа: “Цані тое, што маеш, і паслухай, якія малюнкі дзяцінства ўсплываюць у памяці. Лета 1942 года. Другое лета вайны. Нас адправілі ў Германію. Хутка падагналі да гары, на якой стаяў белы домік. З вялікага коміна ішоў чорны дым. Людзі туды заходзілі, а назад ніхто не вяртаўся. Падышла і наша чарга заходзіць туды. Бацьку і брата Федзю ад нас аддзялілі, адправілі да ваеннапалонных. Нас праверылі, затым заставілі памачыць рукі і ногі ў ліпкую вадкасць. Усю групу людзей закрылі ў цёмным пакоі. Гэты пакой быў без вокнаў, было вельмі цёмна, і сястра плакала: “Запаліце лямпу, мне вельмі цёмна і страшна”. Падлога была гарачая, моцна пякло ў ногі, стаяць было немагчыма. Невялікі пакой быў забіты жанчынамі і дзецьмі. Раптам падлога хіснулася і ў куце мільгануў агонь (тады я не ведала, што гэта была крэматорская печ, у якой хацелі нас спаліць). Але дзверы адчыніліся, і немец з папераю у руках пракрычаў: “Альт!”, і адразу нас вывелі з гэтага страшнага цёмнага пакоя, дзе падлога круцілася і людзі падалі проста ў агонь. Таму і застаўлялі нас мачыць рукі і ногі ў мыльны раствор, каб лёгка саслізгвалі з падлогі. Нас выратаваў выпадак, нас аберагаў Бог. Хутка нашу сям’ю раздзялілі, і я апынулася адна сярод чужых людзей. Даводзілася выконваць розную работу па гаспадарцы. Дзеці працавалі так, як і дарослыя. Жылі ў вялікіх гумнах, кармілі нас лупінамі ад бульбы з жоўтымі чарвякамі ды буракамі. Вельмі хацелася есці. Нас увесь час білі. Неяк гаспадары знялі партрэт Гітлера, а самі схаваліся ў склепе. Хутка мы даведаліся пра перамогу нашых салдат. Божа, якое гэта было свята! Усе скакалі, крычалі, абнімаліся. Мы проста былі дзецьмі, але вайна зрабіла нас сталымі”.
Вясна 1945… Якая яна была для дзяцей інтэрнацыянальнага піянерскага лагера, які размяшчаўся ў маім родным пасёлку Наваельня? Дзеці камуністаў з усяго свету прыехалі сюды на адпачынак. Вайна застала іх нечакана, не ўсіх дзяцей паспелі эвакуіраваць. Крывавыя гады вайны адабралі шчасце дзяцінства. Зусім адны яны засталіся сярод чужых людзей. У чым яны былі павінныя? Смерць заўсёды была побач. Сямнаццаць дзяцей выжылі, для іх Беларусь стала матуляй, уратавала дзяцей. Чацвёра дамоў не прыйшлі, іх родныя ніколі не сагрэлі іх сваёй пяшчотай. Для сямнаццаці выжыўшых перамога была шчасцем і надзеяй, надзеяй, што вернуцца дамоў, убачаць родных, мілых людзей. Так яно і было.
Дзявятага мая 1945… У гэты дзень было ўсё інакш. Зусім па-іншаму! Чаму? З радасцю адкажу. Ды таму, што надышла Перамога! Чуеце??! Перамога!!! Май прынёс вестку аб перамозе. З тых пор няма цьмянага дымнага сонца; яно свеціць залацістае, радаснае, цёплае, мірнае, яно асвятляе не цяжкую вогненную дарогу, а шлях светлага, мірнага, разумееце, мірнага жыцця! Народ абараніў сваю Радзіму, абараніў мяне. Мы, пасляваенныя пакаленні і нашчадкі, якія не ведалі ўсіх жахаў, удзячныя ветэранам, якія адстойвалі права на мірнае жыццё. На жаль, з кожным годам іх застаецца ўсё менш, час няўмольны. Яны пакідаюць пасля сябе апавяданні, старыя фатаграфіі, лісты з фронту… Памяць, якая павінна і будзе жыць вечна!
Нядаўна я пабывала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсія мяне вельмі ўразіла. Падаецца, што я за гадзіну пражыла гэты страшны час ад 1939 года, калі Гітлер напаў на Польшчу, да Дня Перамогі. Суровая палаючая сцяна Брэсцкай крэпасці, канцлагеры, партызанскі рух, ваенныя самалёты, танкі, гарматы, партызанскі лагер, карціны Міхаіла Савіцкага – усё гэта я ўбачыла ў музеі. Ішла па “цыклічным шляху” з болем у грудзях, а потым трапіла ў светлую залу з белымі мармуровымі сценамі і залатымі літарамі на іх. На сценах напісаны імёны герояў, тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба над нашай краінай. Пад светлым купалам залы Перамогі боль у грудзях у мяне так і не знік. Наадварот, хацелася плакаць. Менавіта там я і зразумела, наколькі моцны і мужны беларускі народ, які перажыў вайну і генацыд. Беларускі народ – народ-пераможца.
Я праўнучка Перамогі. Сёння побач з намі ёсць яшчэ жывыя ўдзельнікі той страшнай і далёкай вайны. Сведкамі той вайны засталіся дзеці, якія разам з бацькамі мужна перажывалі ўсе нягоды ваеннага ліхалецця. Хлапчукі і дзяўчынкі ваеннага часу спазналі голад і безбацькоўшчыну, акупацыю і эвакуацыю, бамбёжкі і здзекі фашысцкіх захопнікаў. І ў меня, і ў маіх аднакласнікаў ёсць яшчэ час не толькі выказаць словы падзякі людзям Перамогі, але і запомніць, захаваць і перадаць наступнаму пакаленню памяць аб тых гістарычных гадах. Гісторыя вайны, нібы з пазлаў, складаецца з гісторыі кожнага яе сведкі. Я не маю права забывацца пра лёсы тых, хто стаў інвалідам, быў вязнем жахлівых лагераў смерці, якія стваралі на тэрыторыі нашай ды іншых краін фашысты, малалетніх ахвяр канцлагераў, дзе гітлераўцы збіралі кроў, каб аддаць сваім салдатам… Я павінна зафіксаваць у свядомасці іх лёсы, інакш я не стану дастойнай грамадзянкай сваёй краіны. Таму я актыўная ўдзельніца патрыятычных акцый, конкурсаў, праектаў. З гонарам магу сказаць, што я вучуся ў школе, якая носіць званне “Школа Міру”. Я чытаю кнігі пра вайну і раю прачытаць іх сваім равеснікам. Нам, маладым людзям Беларусі, трэба толькі адно – захаваць памяць аб мінулым, не дапусціць новай вайны ці ўзброенага канфлікту, зберагчы мір. А для гэтага неабходна, каб кожны малады чалавек памятаў аб подзвігу беларускага народа, шанаваў памяць герояў, дапамагаў ветэранам, здзяйсняў толькі добрыя ўчынкі. І мы справімся з гэтай задачай, таму што мы дастойныя грамадзяне сваёй роднай Беларусі!
Ксенія МІКЛАШ,
вучаніца 10 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ