Відаць, на Новы год усе беларусы папрасілі ў падарунак снегу, бо ў такой колькасці яго не выпадала даўно.
Аднак не ўсіх радуюць моцныя снегапады: аўтамабілісты пакутуюць ад пагаршэння якасці дарог, наракаюць на работу камунальнай і дарожнай службаў. У начальніка ДРБУ-119 Дзмітрыя Мазаля ёсць што заўважыць на гэты конт:
– Шмат усхваляваных званкоў ад карыстальнікаў аўтадарог атрымліваем у зімовы час, калі на значным адрэзку шашы слізкасць утвараецца практычна адначасова і апрацаваць пакрыццё супрацьгалалёднымі матэрыяламі або ачысціць праезную частку ад снегу паўсюль і адразу тэхнічна немагчыма. Для гэтага дзеючымі нарматыўна-прававымі актамі вызначаны тэрміны па ліквідацыі зімовай слізкасці ў залежнасці ад ступені складанасці ўмоваў надвор’я і тыпу аўтамабільных дарог. Аўтамабільныя дарогі дзеляцца на пяць узроўняў патрабаванняў па народнагаспадарчым, адміністрацыйным значэнні і інтэнсіўнасці руху па іх. Так, да дарог 1 узроўню патрабаванняў адносяць найважнейшыя рэспубліканскія дарогі, якія злучаюць сталіцу з абласнымі цэнтрамі і іх паміж сабой. На гэтых дарогах зімовыя мерапрыемствы праводзяцца ў першую чаргу. Дарогі 4 і 5 узроўняў патрабаванняў – мясцовыя з інтэнсіўнасцю руху менш за 100 аўтамабіляў у суткі. Такім чынам, і тэрміны выканання работ на такіх дарогах зусім іншыя.
– Дарогі якога тыпу пераважаюць на Дзятлаўшчыне?
– Працягласць аўтадарог, якія абслугоўвае ДРБУ-119 у нашым раёне, складае 631 км, яны пераважна 4 і 5 узроўняў патрабаванняў. Таксама на балансе арганізацыі знаходзіцца 91 км вуліц у населеных пунктах. Для іх дырэктыўныя тэрміны, якія ўстаноўлены з моманту спынення снегападу (завеі) або ўтварэння (выяўлення) галалёду, пры зімовым утрыманні мясцовых дарог наступныя: апрацоўка праезнай часткі супрацьгалалёднымі матэрыяламі – ад 9 да 24 гадзін; ачыстка праезнай часткі ад снегу і заносаў – ад 12 гадзін да 2 сутак; ачыстка абочын, прыпыначных і пасадачных пляцовак, тратуараў, пешаходных і веласіпедных дарожак – ад 8 да 20 сутак. Тым не менш ДРБУ-119 прымае ўсе меры, каб мерапрыемствы па зімовым доглядзе дарог выканаць у самы кароткі тэрмін.
– Дзе расчышчаеце і апрацоўваеце найперш?
– У першую чаргу абслугоўваем дарогі да адміністрацыйных цэнтраў сельсаветаў, з рэгулярнымі аўтобуснымі маршрутамі, з траекторыямі руху школьных аўтобусаў, аўтамагазінаў. Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць, што зіма – час акуратнай язды і павышанай асцярожнасці, якія павінен захоўваць кожны ўдзельнік дарожнага руху. Пры выбары хуткасці ўлічвайце ўмовы дарог, надвор’я і іншыя фактары, якія ўплываюць на бяспеку. Беражыце сябе і паважайце іншых.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga