Многія грамадзяне час ад часу аддаюць перавагу адпачынку ў забаўляльных установах раёна і за яго межамі.
Як атрымаць ад такога занятку задавальненне, а не праблемы, расказвае ўчастковы інспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Клімчук:
– Кафэ, бар, рэстаран – грамадскія месцы, дзе кожны чалавек абавязаны выконваць пэўныя нормы паводзін, грэбаванне якімі можа скончыцца адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасцю. Рэкамендуецца наведваць такія ўстановы са сваёй кампаніяй, якая ў выпадку чаго магла б аказаць вам неабходную дапамогу.
Не варта спадзявацца на сустрэчных знаёмых, асабліва тых, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, тым больш пакідаць ім свае рэчы, калі кудысьці выходзіце. Пакідаючы ўстанову на непрацяглы час, напрыклад, на вуліцу пакурыць, абавязкова забірайце з сабой каштоўнасці, мабільны тэлефон, кашалёк, вопратку, каб у далейшым пазбегнуць крадзяжу.
Знаходзячыся ў забаўляльных установах, варта пазбягаць канфліктных сітуацый як з адміністрацыяй, так і з наведвальнікамі. Помніце, што за назойлівае прыставанне да грамадзян, здзяйсненне іншых наўмысных дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць установы і іншых арганізацый, якія праяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства, чалавек можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і атрымаць штраф або нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Строга кантралюйце дозу выпітых спіртных напояў, а калі ўсё ж адчуваеце, што не зможаце самастойна дабрацца дадому, прасіце аб дапамозе знаёмых або выклікайце таксі. Не забывайце, што з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення недапушчальна і мае адміністрацыйную адказнасць (да 8 базавых велічыняў), пры паўторным інцыдэнце – да 15 базавых велічыняў, або грамадскія работы тэрмінам да 60 гадзін, або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Калі ў дачыненні да вас робяцца спробы здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, паведаміце адміністратару ўстановы, а таксама звярніцеся на нумар 102.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga