На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца інфармацыйныя сустрэчы кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі і грамадзянамі па месцы жыхарства для тлумачэння нюансаў электаральнай кампаніі 2024 года і азнаямлення з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
З гэтай мэтай ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” наведалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.
Вадзім Аляксандравіч пазнаёміў прысутных з вынікамі работы і поспехамі ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі раёна. Ён заўважыў, што, нягледзячы на санкцыйны ціск, які прадаўжаюць адчуваць на сабе прадпрыемствы нашай краіны, экспарт тавараў у мінулым годзе склаў 134,6 % да ўзроўню 2022 года.
Ён адзначыў, што на Дзятлаўшчыне па-ранейшаму шмат робіцца ў сацыяльнай сферы:
– Выкананы рамонт усіх аддзяленняў Дзятлаўскай цэнтральнай гарадской бальніцы, у 2023 годзе – хірургічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў. Падыходзяць да завяршэння работы па рэканструкцыі харчблока і часткі корпуса ясляў-сада № 1 горада Дзятлава, па ўладкаванні вестыбюльнага памяшкання Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Вадзім Бялятка расказаў аб праектах, якія будуць рэалізаваны сёлета. Сярод іх – капітальны рамонт Новаяльнянскай гарадской бальніцы і ўладкаванне навеса над адкрытай хакейнай пляцоўкай побач са стадыёнам “Колас”.
Вольга Рагачова агучыла ключавыя палажэнні і новаўвядзенні сёлетняй электаральнай кампаніі, прадыктаваныя абноўленай Канстытуцыяй і патрабаваннямі сучаснасці. Больш падрабязна яна спынілася на шэрагу інавацый, якія накіраваны на забеспячэнне электаральнага суверэнітэту Беларусі. Сярод іх – адмова ад утварэння ўчасткаў для галасавання за мяжой, забарона вылучэння на выбарчыя пасады асобаў, якія маюць замежнае грамадзянства або дакумент, які прадастаўляе права на льготы і перавагі ў замежных краінах (да прыкладу, карта паляка), забарона на вынас выбарчага бюлетэня за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўленне фота- і відэаздымак запоўненага бюлетэня.
Вольга Мікалаеўна нагадала, што з 31 студзеня пачнецца этап перадвыбарчай агітацыі, калі кандыдаты змогуць публікаваць свае праграмы, сустракацца з калектывамі, праводзіць пікеты. Прадоўжыцца ён да 24 лютага. Рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама вызначаны месцы для перадвыбарчых сустрэч і размяшчэння агітацыйных матэрыялаў, з пералікам якіх можна азнаёміцца на сайтах райвыканкама і раённай газеты “Перамога”.
Гэтым разам да праграмы сустрэчы далучыўся старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі, які нагадаў правілы бяспекі на вадзе і лёдзе для дзяцей, іх бацькоў і аматараў зімовай рыбалкі.
– У планах на новы купальны сезон – з’яўленне ў штаце раённай арганізацыі інструктара па плаванні, у якога бясплатна змогуць павучыцца юныя і дарослыя дзятлаўчане, – адзначыў Сяргей Іосіфавіч. – Нагадаю, што гарадскі пляж у Дзятлаве абсталяваны ўсім неабходным для будучага летняга адпачынку.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga