На Дзятлаўшчыне стартавала справаздачна-выбарчая прафсаюзная кампанія.
Адкрыла яе канферэнцыя ў пярвічнай арганізацыі ААТ “Граніт-Агра” галіновага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел старшыні рэспубліканскага, абласнога і раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Васіль Хвацік, Рамуальд Юроўскі і Уладзімір Казак, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Сіаніслаў Мазур, прафсаюзны актыў і кіраўніцтва прафкама прадпрыемства.
На канферэнцыі былі падведзены вынікі работы прафкама і рэвізійнай камісіі за пяць гадоў, вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці на будучую пяцігодку.
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Алена Зенчык адзначыла, што асноўнымі пытаннямі ў дзейнасці прафкама арганізацыі былі і застаюцца стварэнне дастойных і бяспечных умоваў працы, абарона сацыяльна-эканамічных правоў і гарантый членаў прафсаюза. Яна нагадала, што ў калектыўным дагаворы гранітаўцаў ёсць нямала стымулюючых пунктаў, у тым ліку прэміі і прадуктовыя наборы для ўсіх, хто не парушае вытворчую дысцыпліну.
– У радах нашай прафсаюзнай арганізацыі ўсе работнікі прадпрыемства, – расказала Алена Сяргееўна. – Мы стараліся не пакідаць сам-насам з праблемамі ніводнага члена прафсаюза, віншуем з днём нараджэння, шлюбам, нараджэннем дзяцей. Таксама актыўна ўдзельнічаем у культурна-масавых і знакавых для нашай краіны мерапрыемствах, дабрачынных акцыях і конкурсах, шмат падарожнічаем і актыўна прапагандуем здаровы лад жыцця ў межах праекта “Круцілавічы – здаровы пасёлак”.
Пытанне ўзгаднення змяненняў, якія ўносяцца ў калектыўны дагавор, выклікала жывое абмеркаванне. Найперш членаў прафсаюза цікавілі аспекты надбавак для спецыялістаў гаспадаркі, грашовае заахвочванне да навучання па прафесіях, неабходных для прадпрыемства, а таксама ўмовы прадастаўлення выхадных дзён для ўдзелу ў спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах.
Работа прафсаюзнай арганізацыі адзінагалосна прызнана здавальняючай, пасля былі праведзены выбары старшыні пярвічкі, членаў прафкама, рэвізійнай камісіі.
Лідарам паўторна была выбрана спецыяліст па продажах Алена Зенчык, новым намеснікам старшыні – галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Падліпскі.
Васіль Хвацік адзначыў высокі ўзровень вядзення справаздачна-выбарчай канферэнцыі і добрыя ўмовы калектыўнага дагавора прадпрыемства.
– Калектыўны дагавор – гэта своеасаблівая канстытуцыя для вас, гарантыя вашых правоў, таму вельмі важна яго абмяркоўваць і разам прыходзіць да найлепшага варыянту, – заўважыў ён. – Сёння сельская гаспадарка – тая сфера, дзе можна эфектыўна працаваць і ганарыцца сваёй працай, атрымліваць дастойную ўзнагароду за яе. Успомніце, калі Прэзідэнт нашай краіны казаў на пачатку сваёй кар’еры: “Давайце накормім краіну, вырашым харчовае пытанне”. Гэтыя словы здаваліся нерэальнымі, а сёння мы не проста выканалі самыя смелыя планы па харчовай бяспецы, але і значна перасягнулі іх. Нават ва ўмовах санкцый мы экспартуем сваю прадукцыю ў больш чым 100 краін свету, знаходзімся ў сусветнай пяцёрцы экспарцёраў малочнай прадукцыі і дзясятцы – мяса птушкі. У харчовых магазінах сёння такі выбар тавараў, аб якім некалькі дзясяткаў гадоў таму не маглі і марыць. Ніколі ў вёсцы не будавалі столькі жылля, як цяпер. Зразумела, заўжды хочацца яшчэ больш росту заработнай платы, для чаго трэба вырабляць прадукцыю і зарабляць грошы, а кіраўнікам – быць рэалістамі, не даваць невыканальных абяцанняў, але рабіць усё магчымае для паляпшэння ўмоваў працы і жыцця сваіх работнікаў.
Таксама Васіль Міхайлавіч нагадаў прысутным, што ў лютым беларусаў чакае першы ў гісторыі адзіны дзень галасавання, і задача прафсаюзаў – праводзіць на месцах тлумачальную работу, каб людзі разумелі працэс выбараў, колькасць бюлетэняў і вынік электаральнай кампаніі.
Завяршыла работу канферэнцыі цырымонія ўручэння ўзнагародаў членам прафсаюза.
На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, у межах якой Уладзімір Казак узнагародзіў падзякамі раённага камітэта прафсаюза АПК брыгадзіраў у жывёлагадоўлі Бахмана Мусу аглы Салтанава і Людмілу Загдай.
Васіль Хвацік уручыў узнагароды рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК. Ганаровай граматай была адзначана Алена Зенчык, граматамі – Юлія Калюта, Святлана Шастала, Анастасія Хоміч, Аляксей Лашкоўскі, каштоўнымі падарункамі – Ала Шлык, Іван Калодка.
Таксама работнікі гаспадаркі былі адзначаны дыпломамі і прэміямі ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Граніт-Агра”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga