“Снежны снайпер” выпрабаваў на трываласць

Свежыя навіны Спорт і турызм

У Дзятлаве стартаваў раённы этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Сёлета ўдзел у іх прынялі 10 каманд навучальных установаў раёна ў катэгорыях “гарадскія школы” і “сельскія школы” ў трох узроставых групах: малодшай (2013-2014 г. н.), сярэдняй (2011-2012 г. н.) і старэйшай (2009-2010 г. н.).

Раённы этап рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства па біятлоне прайшоў на стадыёне “Колас” у горадзе Дзятлаве. Удзельнікаў чакала дыстанцыя адпаведна іх узросту і два агнявыя рубяжы, дзе за кожны промах налічваліся штрафныя кругі.

– Спартыўна-масавае мерапрыемства дапамагае выявіць лепшых спартсменаў, якія ўвойдуць у састаў зборнай раёна і прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе аднайменных спаборніцтваў, – адзначыла дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка.

– Пры спрыяльных умовах надвор’я ўжо напрыканцы студзеня адбудзецца абласны этап “Снежнага снайпера”, у якім возьмуць удзел і нашы юныя спартсмены.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga