МТК “Парэчча” – 10 гадоў

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

13 студзеня свой першы круглы юбілей адзначае адзін з лідараў малочнай жывёлагадоўлі раёна – малочнатаварны комплекс “Парэчча” КСУП “Хвінявічы”.

Шлях у дзесяцігоддзе быў няпростым, поўным напружанай працы, самаўдасканалення, аналізу ўласнага вопыту, недзе асцярожных, а часам і ўпэўненых крокаў наперад. Сёння МТК “Парэчча” па праве лічыцца лепшым сярод падобных комплексаў на Дзятлаўшчыне, што чарговы раз пацвердзіў дыплом пераможцы раённых вытворчых спаборніцтваў сярод жывёлаводаў раёна. Аб гэтым сведчаць іншыя важкія ўзнагароды і ўнушальныя вынікі працы: за 2023 год надой малака на адну карову комплексе склаў 8127 кг, ужо тры гады запар тут атрымліваюць малако гатункам выключна “Экстра”. У 2021 годзе МТК “Парэчча” быў прызнаны комплексам высокай культуры жывёлагадоўлі, за што ўзнагароджаны дыпломам Федэрацыі прафсаюзаў. Кіраўнік МТК Мікалай Слушко адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”, тэхнік-асемянатар Уладзімір Бакшук – нагрудным знакам “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”.

Сучасны калектыў комплексу складае 30 чалавек, 11 з якіх працуюць тут з першага дня. Акрамя Мікалая Слушко і Уладзіміра Бакшука, гэта памочнік загадчыка Наталля Філідовіч, жывёлавод Мікалай Кананок, аператары машыннага даення Алена Яраш, Таццяна Гарошка, Аксана Мілевіч, Марына Кашчык, аператары па абслугоўванні малакаправода Мікалай Пузачоў і Анатоль Грынцэвіч, вартаўнік Сяргей Сіўко.

– Калі запускалі комплекс, напачатку прывезлі 36 кароў, – узгадвае Мікалай Генадзьевіч. – Затым паступова кожны тыдзень сталі падвозіць яшчэ па 36. Было няпроста: шмат работы лягло на плечы падгоншчыкаў і ўсяго калектыву. Свой каштоўны вопыт па рабоце на комплексе-тысячніку калегам перадала аператар машыннага даення Таццяна Гарошка, якая пераехала да нас з Навагрудскага раёна.

Да 2015 года комплекс “Парэчча” быў цалкам укамплектаваны, ён аб’яднаў пагалоўе трох фермаў гаспадаркі – “Раманавічы”, “Накрышкі” і часткова “Парэчча”.

– Для комплексу не адбіралі асаблівых, пародзістых кароў, папаўнялі статак жывёламі гаспадаркі, галоўны прынцып адбору – добрае здароўе, якое скрупулёзна правяралі дактары, адсейваючы кароў са схаванымі масцітамі і інфекцыйнымі хваробамі, – расказвае галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы” Марыя Слушко. – Дапаўнялі пагалоўе каровамі, вырашчанымі ў сваёй гаспадарцы, і ў выніку ўсё задуманае атрымалася.

Сёння на комплексе разам з маладняком каля 2000 галоў буйной рагатай жывёлы (палова ад агульнай колькасці ў гаспадарцы), 815 з іх – дойны статак.

– Як цяпер помню, калі работа комплексу нарэшце ўвайшла ў звычайнае русла, мы ганарыліся першымі стабільнымі вынікамі – надоем 15 літраў у суткі на адну карову, – узгадвае Мікалай Слушко. – Сёння гэта лічба дасягнула 25 літраў у суткі. З кожным годам расце колькасць кароў-рэкардсменак, якія даюць у год звыш за 10 000 кг малака. Пастаянна маем добрыя прывагі ў статку: бычкоў рэалізуем на продаж, а цялушкі застаюцца тут, тым самым ствараецца закрыты цыкл ад расцёлу да асемянення, ад нараджэння цялят да дойных кароў.

На агульны высокі вынік паўплывала граматная стратэгія работы, якой прытрымліваюцца на комплексе, і строгае захаванне тэхналогіі ў кармленні, сарціроўцы жывёлы.

Кіраўнік комплексу ведае, што яго дасягненні – на працавітых руках калектыву, зладжанага, дружнага, стабільнага (“цякучка” кадраў тут блізіцца да нуля!). Іх сакрэт – у любові да жывёлы і да сваёй работы, патрабавальнасці да сябе і калег, высокім пачуцці адказнасці.

– Напярэдадні юбілейнай даты хачу сказаць словы ўдзячнасці ўсім работнікам калектыву, дзякуючы працы якіх мы маем высокія дасягненні, – адзначыў Мікалай Слушко. – Не было б такіх вынікаў і без кіраўніцтва гаспадаркі, якое заўжды ўважліва ставіцца да патрэбаў комплексу і задавольвае запыты.

У святы і будні сваю работу выконваюць аператары машыннага даення, якія ведаюць нораў і асаблівасці кожнай з 815 дойных кароў. Гэтым разам на змене працавалі самыя вопытныя – Алена Яраш,  Аксана Мілевіч, Алена Шыпіла і аператар па абслугоўванні малакаправода Мікалай Пузачоў.

– Колькі сябе помню, працую ў жывёлагадоўлі, – расказвае Алена Яраш. – Ведаю гэту справу з дзяцінства, калі хадзіла разам з мамай на працу, вучылася ў яе даіць кароў. На новы комплекс 10 гадоў таму мы прыйшлі з іншых фермаў гаспадаркі, дзе дагэтуль працавалі. Тут больш зручна і прыемна: чысціня, апарат вісіць на месцы, працэс фіксуе электроннае абсталяванне. Па словах жанчыны, рабочы дзень у аператараў машыннага даення, як і ў даўнія часы, пачынаецца рана: першая дойка а 6-й гадзіне раніцы, другая – а 6-й вечара. Нягледзячы на сур’ёзную нагрузку, любімая работа ў радасць, а па яе заканчэнні можна тут жа перапрануцца, выпіць чаю, адпачыць.

Работнікі комплексу “Парэчча” віншуюць калег з юбілейнай датай, якую многія з іх таксама сустрэнуць на рабочых месцах, жадаюць моцнага здароўя, удачы і стабільнага росту зарплаты.

Да юбілейнай даты прынята не толькі прымаць віншаванні, але і будаваць планы на будучыню, якіх у калектыву МТК “Парэчча” нямала. У бліжэйшай перспектыве – будаўніцтва крытай пляцоўкі для ўтрымання цялят, якая дадасць зручнасці ў рабоце персаналу і камфорту для гадаванцаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga