Людміла Радзевіч: “Падобныя сустрэчы карысныя і важныя”

Важнае Грамадства

17 студзеня ў Мінску адбылася сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай са старшынямі абласных і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

У складзе дэлегацыі Гродзеншчыны Дзятлаўшчыну на ёй прадстаўляла старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч.

– Мерапрыемства было цікавым, насычаным, карысным і пакінула станоўчыя ўражанні, – расказала Людміла Аляксандраўна. – Наталля Качанава спынілася на асаблівасцях выбарчай кампаніі-2024, недружалюбнай палітыцы замежных дзяржаваў у адносінах да Беларусі, закранула тэмы адзінства, якасці, іншыя. Затым адбылася размова са старшынямі Саветаў дэпутатаў, каб на “ўзроўні рэспублікі” пачуць праблемы, якія хвалююць жыхароў рэгіёнаў і пры неабходнасці нешта памяняць заканадаўча. Тэмаў для абмеркавання аказалася шмат.

Сярод хвалюючых пытанняў, якія прагучалі ад прадстаўнікоў рэгіёнаў былі: праблемы ўборкі і рамонту ў населеных пунктах вуліц, якія не маюць балансаўтрымальнікаў; закрыцця міні-палігонаў для смецця і з’яўлення стыхійных звалак; пытанні, звязаныя з незавершаным будаўніцтвам – так званымі “даўгабудамі”; работы з рэестрам пустуючых дамоў; неабходнасці правядзення тэндараў для закупу матэрыялаў для добраўпарадкавання; пераводу сезонных рабочых пры сельвыканкамах на пастаянны графік; ролі старастаў сельскіх саветаў і магчымасці іх стымулявання, а таксама іншыя.

Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала, што агучаныя ўдзельнікамі тэмы не застануцца па-за ўвагай у рэспубліцы. Будуць разглядацца магчымасці іх урэгулявання праз нарматыўна-заканадаўчыя акты.

У сваім выступленні Наталля Качанава асобна спынілася на значнасці для беларусаў Года якасці. Як і Прэзідэнт, яна падкрэсліла, што кожны перш за ўсё павінен якасна працаваць на сваім месцы, тады не будзе ўзнікаць іншых пытанняў.

Дэпутатаў мясцовага ўзроўню Наталля Іванаўна заклікала карыстацца ў сваёй рабоце трыма ключавымі прынцыпамі: усе прымаемыя рашэнні павінны быць на карысць дзяржавы; калі гэта трэба нашай краіне і народу – мы павінны гэта зрабіць; самае галоўнае – гэта людзі і справядлівыя адносіны да ўсяго.

“Дзейнічайце, зыходзячы з гэтых тэзісаў, і ніхто ні ў чым вас не папракне” – такі пасыл адрасавала нам Старшыня Савета Рэспублікі.

Усім нам яна парэкамендавала наведаць “Першы нацыянальны гандлёвы дом” беларускай прадукцыі і тавараў. Я скарысталася гэтай парадай і не пашкадавала: пабачыла багаты выбар самых вядомых беларускіх тавараў і брэндаў, сабраных пад адным дахам. Усё вельмі зручна, цікава, маштабна, якасна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: