Святочная мітусня прадказальна змянілася зацяжным перыядам прастудных захворванняў.
Хварэюць усе: практычна ў кожным калектыве на бальнічных не менш за трэць работнікаў, а асобныя школы раёна часова страцілі ледзь не ўвесь педагагічны састаў.
У паліклініцы – бясконцыя чэргі да ўчастковых тэрапеўтаў і педыятраў, якія штодзень прымаюць пад сотню пацыентаў.
– А мы ж прасілі, папярэджвалі… – толькі сумна ўздыхнуць на гэта самі медыкі.
Калі актыўна ішла прышчэпкавая кампанія супраць грыпу і каранавірусу, нешта ажыятажу не назіралася, нягледзячы на актыўную асветніцкую работу. Дзяржава паклапацілася, каб вакцына для людзей была бясплатнай, – прыйдзі ды скарыстайся. Ды не, бясплатна мы не хочам, лепш потым на лекі патраціцца.
Але гэта яшчэ паўбяды, другая палова – хворыя героі-працаўнікі, без якіх, напэўна, у калектыве не абыдуцца. Такія перадавікі прыходзяць на работу, нягледзячы на кепскі стан здароўя, ажыццяўляюць шопінг па ажыўленых месцах, шчодра сеючы “бацылы” і заражаючы людзей. Помніце часы, калі насіць маску было абавязкова, каб засцерагчы ад небяспекі іншых? Ужо забытая, але слушная была ідэя…
Галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак нагадвае, што захворванне прасцей папярэдзіць, а тых, хто захварэў, просіць не быць эгаістамі:
– У Дзятлаўскім раёне рэгіструецца пад’ём вострых рэспіраторных інфекцый: толькі за мінулы тыдзень зарэгістравана 432 выпадкі, 57,2 % ад выяўленых– дзеці.
Грып – надзвычай кантагіёзнае (заразнае) вострае інфекцыйнае захворванне, распаўсюджанае паўсюль. Кожны чалавек абсалютна ўспрымальны да вірусаў грыпу, таму ніколі не варта забывацца аб прафілактыцы, самы эфектыўны спосаб якой – вакцынацыя, бо толькі вакцына забяспечвае абарону ад тых відаў віруса грыпу, якія з’яўляюцца найбольш актуальнымі ў гэтым эпідэміялагічным сезоне. Не забывайцеся, што тэрмін дзеяння вакцыны таксама не бязмежны і праз некаторы (у іншых выпадках працяглы) час патрабуецца рэвакцынацыя. Ад грыпу і каранавірусу – кожны год.
Калі вы ўжо захварэлі на ВРІ або грып, трэба застацца дома, каб не толькі не заразіць навакольных, але і своечасова заняцца лячэннем, неадкладна звярнуцца да доктара. Для папярэджання далейшага распаўсюджвання інфекцыі хворага трэба ізаляваць ад здаровых.
Алена Вячаславаўна адзначыла, што такая “дзіцячая” хвароба як адзёр (рус. — корь) у 2023 годзе мінула Дзятлаўскі раён, у нас не зарэгістравана выпадкаў захворвання. Аднак Гродзенская вобласць застаецца ў тройцы лідараў па гэтым захворванні. Таму яна настойліва рэкамендуе тым, хто трапіў у групу кантактных, пры адсутнасці звестак пра вакцынацыю або перанесенае захворванне – прышчапіцца.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga